понедельник, 9 сентября 2024 г.

Этнаграфічны экскурс "У глыбінях зямлі - нашых душ карані"

Творчым калектывам ДУК "Полацкі раённы Цэнтр культуры" распрацаваны цыкл тэматычных турыстычна-пазнавальных праграм "Культура і звычаі роднага краю" ў межах рэалізацыі Нацыянальнай стратэгіі развіцця турызма ў Рэспубліцы Беларусь на перыяд да 2035 г.

Філіял "Зялёнкаўскі сельскі Дом культуры" запрашае на этнаграфічны экскурс "У глыбінях зямлі - нашых душ карані".
У 2020 годзе ў філіяле «Зялёнкаўскі СДК» быў створаны этнакуток, які паспяхова працуе і прымае гасцей. Наведаўшы гэтую найцікавейшую экспазіцыю, нават самы крытычна настроены госць, будзь то малады чалавек альбо прадстаўнік больш сталага пакалення, застанецца пад вялікім уражаннем.
Удзельнікі народнага тэатра мініяцюр “Веснік”, народнай студыі літаратурнай творчасці “Сустрэча з цудоўным”, жаночай вакальнай групы і дзіцячага тэатральнага калектыву “Валошкі” праз тэатралізаваную этнавандроўку акунаюць наведвальнікаў экспазіцыі ў няпросты быт беларускага селяніна канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя.
У этнакутку размешчаны нямалы этнаграфічны пласт беларускай традыцыйнай культуры. Гаспадарчыя прылады працы, паўсядзённыя побытавыя рэчы, прадметы адзення і аповед пра іх вельмі тонка згрупіраваныя ў асобныя тэматычныя блокі: “У глыбінях зямлі нашых душ карані”, “Ад сяўбы да каравая”, “Шчырая праца – мазалёвая”, “Культура продкаў”, “Беларускі арнамент”… Тут маўклівыя экспанаты нібы ажываюць у змястоўнай прэзентацыі з памайстарску ўплеценымі ў яе тэатралізаванымі мініяцюрамі вясковага жыцця.
Завітайце ў зялёнкаўскі этнакуток і вы, каб хоць на гадзіну дакрануцца да паўсядзённага жыцця і традыцый нашых продкаў-беларусаў.



Комментариев нет:

Отправить комментарий