16 мая пытлівая гарадская дзяўчына Надзейка пабывала ў "смачным" падарожжы па Полацкім раёне ў чацвёрты раз.
Праект “Полаччына гасцінная” па адраджэнні традыцыйнай аўтэнтычнай мясцовай кухні завітаў ужо ў некалькі куточкаў Полаччыны і кулінарны блакнот галоўнай гераіні папоўніўся рэцэптамі такіх рэдкіх беларускіх страў, як цыбрыкі і раўгеня па-багатырску, рыбнае шчаўе і таўчонікі з макам па-блізніцку, гарохавыя камы па-мацюшэўску, аб сакрэтах прыгатавання якіх, а таксама іншых цікавых падрабязнасцях незвычайных вандровак можна даведацца са старонак “Смачнае падарожжа Надзейкі” сацыяльных сетак ВКонтакте і Одноклассники.
Рэгіянальны тэлекнал “Скіф” і Полацкі раённы Цэнтр культуры вядуць запіс цыкла перадач пра вясковыя кулінарныя прыгоды гарадской дзяўчыны.
На гэты раз Надзейку чакалі старажытныя рэцэпты і цікавыя паданні вёскі Быстрыца Бабыніцкага сельсавета. Гаспадыня Казачонак Раіса Канстанцінаўна раскрыла сакрэты прыгатавання малавядомых страў пад цікавымі назвамі “пражонка” і “ладада”, рэцэпты якіх яна захавала да нашых дзён.
Акрамя цікавых рэцэптаў бабыніцкая мясцовасць здаўна славілася прыгожымі рушнікамі з адмысловымі ўзорамі. Таму разам з Надзейкай у в. Быстрыца адправіліся і спецыялісты Полацкага раённага Цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур - Інна Карандзей, кіраўнік народнага клуба "Майстар" і майстрыха Красікава Таццяна Пятроўна, якія дапамаглі ёй разабрацца ў асаблівасцях тутэйшых узораў.
Калі зацікавіліся і жадаеце падрабязнасцей – вось спасылка на артыкул ад Надзейкі: Чацвертае "Смачнае падарожжа Надзейкі"
ДУК "Полацкі раённы Цэнтр культуры" выражае падзяку за садзейнічанне ў рэалізацыі праекта "Полаччына гасцінная" і дапамогу ў арганізацыі здымак старшыні Бабыніцкага сельскага Савета Жалнерчыку Васілю Васільевічу, яго жонцы Анне Аляксандраўне і гаспадыні з вёсцы Быстрыца Казачонак Раісе Канстанцінаўне.