вторник, 23 ноября 2021 г.

Палачане сярод пераможцаў "Вялікай вясельніцы - 2021"

Лепшым часам для вяселля раней лічылася восень. У шосты раз на Віцебшчыне прайшло свята-конкурс вясельных абрадаў ”Вялікая вясельніца - 2021“. На жаль, не так па-сапраўднаму шумна і весела, на вёсцы, ці ў раённым цэнтры, як яно праводзілася раней, а ў сувязі з эпідэміалагічнымі абставінамі ў дыстанцыйным фармаце. Арганізатарамі свята-конкурсу з’явіліся: упраўленне культуры Віцебскага аблвыканкама і ДУ ”Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці“.

У дыстанцыйным свяце-конкурсе прынялі ўдзел фальклорныя калектывы, асобныя выканаўцы, творчыя калектывы, клубы нацыянальнай кухні, фальклору і гульні, майстры Дамоў (Цэнтраў) рамёстваў Віцебскай вобласці. Амаль усе установы даслалі свае відэапрэзентацыі, відэаролікі, якія якасна, з каларытам пэўнай мясцовасці, перадалі вясельныя звычаі кожнага рэгіёна. Вельмі прыемна, што палачане ізноў аказаліся ў ліку пераможцаў.

У намінацыі “Вясельны каравай” лаўрэатам I ступені стаў фальклорны ансамбль ”Блізнянка“філіяла ”Сільніцкі СДК“ ДУК ”Полацкі раённы Цэнтр культуры“. Кіраўнік калектыву Вольга Станіславаўна Чобат, якая выступіла ў ролі свацці, адзначана дыпломам лаўрэата ІІІ ступені ў намінацыі ”Без мяне мяне ажанілі“.


У намінацыі ”Традыцыйная гульня ў сучасным вяселлі“ II месца заняў народны фальклорны ансамбль ”Галасы спадчыны“ (кір. Т.С.Стараннік) філіяла “Багатырскі СДК”.


У скарбонцы “Вялікай вясельніцы” Віцебшчыны вялізарны багаж вясельных спеваў, танцаў, абрадаў, звычаяў, традыцыйных гульняў. Дзякуючы намаганням ДУ “Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці” і ўстановам культуры рэгіёнаў, адна з трыяд абрадаў жыццёвага цыкла вобласці працягвае амаль жывое існаванне і ў наш час.