Тэлеканал Беларусь 1 зацікавіўся ідэяй збору аўтэнтычнай кулінарнай спадчыны маладым пакаленнем і завітаў у Полацкі раён, каб яшчэ раз расказаць пра ўнікальную страву нашай мясцовасці - цыбрыкі, а заадно і паслухаць не менш унікальныя спевы "ў перахлёст", манерай выканання якіх валодае народны фальклорны калектыў "Галасы спадчыны" Багатырскага СДК.
Калектыў ужо прымаў удзел у праекце "Смачнае падарожжа
Надзейкі". Але хіба ж магчыма прапусціць прыезд цэнтральнага
тэлебачання?
Разам з карэспандэнтам тэлеканала Беларусь 1 цыбрыкі гатавалі паважаная жыхарка в. Багатырская - Улаховіч Марыя Акімаўна і дырэктар Багатырскага СДК Лукавіцкая Алена Пятроўна.
Марыі Акімаўне 80 год, і яна памятае, як яшчэ яе бабуля частавала гасцей цыбрыкамі ў святочныя дні.
Серыя этнаграфічных экспедыцый "Смачнае падарожжа Надзейкі" ў рамках праекта "Полаччына гасцінная", якія ажыццяўляе Полацкі раённы Цэнтр культуры сумесна з рэгіянальнай тэлекампаніяй "Скіф-Полацк", паспяхова працягваецца. Ужо адбыліся здымкі 7 выпускаў. Гарадская дзяўчына Надзейка пабывала ў вёсках Багатырская, Быстрыца, Аўдзеева, аграгарадках Блізніца, Мацюшы, Завозер'е і Кушлікі, дзе мясцовыя гаспадыні падзяліліся з ёй рэцэптамі прыгатавання цыбрыкаў і раўгені, таўчонікаў з
макам і рыбнага шчаўя, гарохавых камоў, пражонкі і
ладады, завозерскай сялянкі і бярозавага квасу, лянухі і сырніцы, царскіх крупяных бліноў і
кулагі. За ўсімі прыгодамі Надзейкі можна сачыць у сацыяльных сетках: ВКонтакте "Смачнае падарожжа Надзейкі" і Однокласснікі "Смачнае падарожжа Надзейкі"
Полацкі раённы Цэнтр культуры выражае падзяку Віцікавай Надзее за актыўны ўдзел у праекце і прадастаўленне месца для здымак.
Вусатая гаспадыня Сімка начаставалася цыбрыкаў і слухае спевы "ў перахлёст" |
Народны фальклорны калектыў "Галасы спадчыны" Багатырскага СДК - адзін з
нямногіх калектываў, якія падтрымліваюць спеўную традыцыю выканання
купальскіх і жніўных песень “у перахлёст” Полацкага раёна