вторник, 2 апреля 2019 г.

"Цікавае падарожжа Надзейкі". У госці да сям'і Мурашка


У 2019 годзе праект “Цікавае падарожжа Надзейкі” Полацкага раённага Цэнтра культуры праходзіць пад дэвізам “Малая радзіма пачынаецца з сям’і” і наведвае дружныя сем’і, якія захоўваюць сваю спадчыну і з’яўляюцца сапраўдным узорам, на які трэба раўняцца.
Пачатак вясны – новая “цікавая” вандроўка. Наступны яе пункт– аграгарадок Новыя Гараны, дзе жыве працавітая сям’я Мурашка. 
 Муж Леанід і жонка Аксана перабраліся сюды ў 2003 годзе. Яна родам з Лепельскга раёна, ён – з Глыбоцкага. Вучыліся разам ў адной групе Лужаснянскага сельскагаспадарчага тэхнікума на спецыяльнасць "Ветэрынарны фельчар". Аксана – вельмі парывістая натура, чалавек лёгкі на ўздым, з дзяцінства цікавілася рознымі відамі лёгкай атлетыцы, музыкай, танцамі, спевамі, заўсёды імкнулася паспрабаваць штосьці новае. Прафесію абрала выпадкова. Бацькі яе таксама працавалі ў сельскай гаспадарцы і дома трымалі кароў, свіней, кролікаў. Але Аксана ніколі і не думала, што ўсё жыццё будзе дапамагаць жывёлам. А вось яе муж Леанід свой шлях абраў свядома. Ён больш памяркоўны і сур’ёзны. Яго бацька і дзядзька таксама ветурачы. З маленства ён дапамагаў ім на працы і марыў пайсці па бацькоўскіх стапах.  
Вось ужо 16 год муж і жонка Мурашка разам працуюць у гаспадарцы ААТ “Новыя Гараны”. Ён – галоўны ветурач, а яна – ветурач і тэхнік па штучным асемяненні. Яны адказваюць за здароўе ўсяго пагалоўя буйной рагатай жывёлы, якое налічвае больш за дзве тысячы галоў. Леанід і Аксана адданы сваёй справе і робяць яе з душой. Аб чым сведчаць шматлікія працоўныя дасягненні, ганаровыя граматы і падзякі ад кіраўніцтва гаспадаркі, раёна і вобласці. 

Калі на працоўным месцы Аксана цалкам падпарадкоўваецца свайму мужу, то дома яна цвёрдай рукой ахоўвае сямейны ачаг, усяляк наладжвае побыт і аб’ядноўвае вакол сябе ўсіх родных і блізкіх. Увогуле, няма той справы, якую яна не магла б зрабіць самастойна. Яе так выхоўвалі бацькі: няма жаночай і мужчынскай працы. Калі муж аднойчы падараваў ёй зруб для лазні, то Аксана на дапамогу сабрала ўсіх родзічаў і нават суседзяў, але вялікую частку па добраўпарадкаванні зрабіла ўласнымі намаганнямі.
Вось ўжо 20 год муж і жонка Мурашка ідуць па жыцці поруч. Старэйшай дачцэ Каце ўжо 18 год, яна вучыцца ў Мінску на эканаміста, а меншы сын Аляксандр заканчвае 5 клас. Узаемадапамога і павага – галоўны іх сямейны прынцып.
Праект “Цікавае падарожжа Надзейкі” стаў яшчэ адной нагодай, каб сабраць разам вялікую сям’ю. На сустрэчу Леанід запрасіў прыехаць сваю маці Ірыну Іванаўну, дачцэ Кацярыне ўдалося вырвацца з вучобы, Аксана паклікала свайго брата Аляксандра і сястру Марыну. Вельмі цікавыя аказаліся людзі, кожны з іх варты асобнага аповяду. Дарэчы кажучы, сястра Аксаны – Каралевіч Марына Уладзіміраўна таксама паспяхова працуе ў сельскай гаспадарцы – заатэхнікам-селекцыянерам у Полацкім філіяле “Вясна-энерга”, выхоўвае дачку і сына. Аксана вельмі рада таму факту, што яе малодшы брат Аляксандр жыве побач. Ён працуе ў гаспадарцы ААТ “Новыя Гараны” вадзіцелем ужо 12 год. Пра яго заслугі ў час уборачных кампаній не аднойчы пісалі газеты, а сямейны архіў захоўвае безліч узнагарод за працоўныя дасягненні. Ён добры сем’янін, а яшчэ – майстар на ўсе рукі і выдатны кулінар. Па неабходнасці Аксана заўсёды можа атрымаць у яго добрую параду і дапамогу ў мужчынскай справе, а вось Аляксандр у сваю чаргу раіцца з сястрой, які крэм лепш зрабіць для чарговага найсмачнейшага торта. Усе яны вельмі занятыя людзі. Аксане, напрыклад, прыходзіцца ўставаць на працу ў чатыры гадзіны раніцы.  Але яны стараюцца знайсці хвілінку, каб убачыцца. І сямейныя сустрэчы становяцца незабыўнымі. Выдатнае пачуцце гумару аб’ядноўвае сям’ю. “Калі мы збіраемся разам, нават сцены трасуцца ад нашага рогату”, – усміхаецца Аксана.
У вольны час муж і жонка любяць рыбаліць са спінінгам. “Нядаўна Аксана вось такога шчупака на 9 кіло 600 грамаў спаймала”, – разводзіць рукі ў бакі і з вялікім гонарам успамінае Леанід. А яшчэ Аксана з’яўляецца актыўнай удзельніцай мясцовай самадзейнасці. Якія ролі ёй толькі не прыйшлося выконваць: і Снягурка, і Баба Яга, і Ліса Аліса – любы яе вобраз мясцовыя гледачы ўспрымаюць на ўра.
Мурашка Аксана - адна з вядучых раённага мерапрыемства "Агледзены нявест" у аг. Гараны (2017г.)
І гатуе гаспадыня так, што пальчыкі абліжаш. Любяць у іх сям’і і старыя рэцэпты, якія ад бабуль засталіся, і новыя з Інтэрнэту. Асабліва смачна ў Аксаны атрымоўваюцца цэпеліны. Да і дачка Каця ад матулі не адстае: калі выпадае магчымасць, здзіўляе бацькоў ўласнапрыгатаванымі прысмакамі. Паколькі чарговае “Цікавае падарожжа” выпала на народнае свята Саракі, сям’я Мурашка сустракала гасцей сямейным печывам “Вясновыя жаваронкі”. Для іх прыгатавання патрэбны: мука, алей, цукар, соль, дрожджы, вада і рызынкі для ўпрыгожвання. А галоўнае – цяпло працавітых рук і каханне. Чаго ў гэтай сям’і ў дастатку. Падобных жаваронкаў выпякалі яшчэ нашыя продкі на гуканне вясны.

Каб прывабіць вясновае сонейка, якое ў гэтым годзе неяк не спяшаецца нас саграваць, малодшы сын Саша разам з хлапчукамі і дзяўчаткамі з дзіцячага тэатру мініяцюр Навагаранскага СДК (кіраўнік Карзюк Г. У.) запрасілі каманду “Цікавага падарожжа” на абрад “Саракі”. А печыва спатрэбілася, каб сяброў пачаставаць і вясну залагодзіць.
Аляксандр Мурашка разам з сябрамі гукае вясну






Можа пасля займальнага абраду, а можа у час шчырай бяседы з дружнай навагаранскай сям’ёй, сонца адразу засіяла ярчэй. Важна, калі людзі памятаюць свае карані, заветы продкаў і любяць свой родны куточак. Сям’я Мурашка – добры гэтаму прыклад. Працавітасць і неабыякавасць – тое што яны перадаюць з пакалення ў пакаленне. Полаччына стала для іх другой малой радзімай. Тут, у Новых Гаранах, яны набылі ўтульную хату, рэалізавалі сябе ў любімай прафесіі, вырасцілі дзяцей, завялі добрых сяброў і суседзяў, а галоўнае, захавалі моцныя роднасныя сувязі.