среда, 30 января 2019 г.

Будзьце верныя сваім караням


Наша Зямля складаецца з мноства маленькіх куткоў і куточкаў, якія для кагосьці з’яўляюцца самымі лепшымі ў свеце, самымі дарагімі, адзінымі. Немагчыма дасканала ведаць сваю Радзіму, калі не ведаеш свой родны кут, сваё акружэнне, свае карані.  Нездарма кажуць у народзе: “Чалавек без Радзімы, як дрэва без каранёў”.
30 студзеня ў Полацкім РЦК адбылася вельмі цёплая і шчырая тэматычная праграма “Будзьце верныя сваім караням...”, прымеркаваная да Года малой радзімы і 100-годдзя заснавання БССР.
Галоўнымі героямі мерапрыемства сталі работнікі клубных устаноў культуры Полацкага раёна і супрацоўнікі Цэнтра. Нягледзячы на тое, што амаль кожны з іх нарадзіўся не ў Полацку, а большасць нават па-за межамі Беларусі, Полацкая зямля стала для іх утульным другім домам. І тым больш важна і прыемна было перадаць сябрам і калегам кавалачак сваёй Радзімы, яе традыцыі, падзяліцца сямейнай гісторыяй у выглядзе невялікай прэзентацыі.
У многіх ад продкаў засталіся старадаўнія рэчы, можа не зусім каштоўныя, але такія дарагія сэрцу. Так, кіраўнік народнага клуба Полацкага РЦК Кацярына Квашніна беражліва захоўвае вышытую рукамі сваёй прабабулі накідку на падушкі. 


А дырэктар Руднянскага СДК Ія Валер’еўна Вярыга падзялілася цікавай гісторыяй кахання свайго прадзеда і прадэманстравала заручальны пярсцёнак, зроблены ім з пятака.


Сямейна-творчы дуэт Уладзіміравых з аг. Мацюшы здзівіў прысутных самым сапраўдным патэфонам 1948г. выпуска. Ён дастаўся Уладзіміру Барысавічу ад дзеда, прычым у выдатным рабочым стане! 

 Амаль кожную сям’ю ў прошлым стагоддзі закранула Вялікая Айчынная вайна. Загадчык аўтаклубам Таццяна Анатольеўна Хутарная падзялілася гісторыяй свайго дзеда Красікава М.М., які загінуў у 1945г., абараняючы Калінінград. Толькі партрэт і пажоўклая пахаванка з фронта засталіся як вечная памяць пра бессмяротны подзвіг.  

У наш час моладзь нячаста звяртаецца да сваіх каранёў. Тым прыемней было пачуць ад маладога метадыста Надзеі Зайцавай, што яна ведае гісторыю сваіх продкаў аж да пятага калена і нават захоўвае сямейны радавод. А касір Вольга Хількевіч, як калісьці яе бабуля, займаецца рукадзеллем.

Мерапрыемства атрымалася яшчэ і смачным, бо многія з удзельнікаў прыгатавалі адметныя нацыянальные стравы свайго рэгіёну. 
Так Семянько Таццяна Пятроўна, дырэктар Кушлікоўскага СДК, якая нарадзілася ў Слаўгарадскім раёне Магілёўшчыны, пачаставала прысутных варэнікамі. Не звычайнымі, а піражкамі з варэннем па рэцэпце свайго дзядулі-пекара. У вёсцы Ганчароўка, з якой яна родам, існавала традыцыя на трэці дзень Масленічнага тыдню частаваць імі ўсіх суседзяў. 


Мастацкі кіраўнік Сільніцкага СДК Уладзімір Васільевіч Піскуноў нарадзіўся ў Рызе. Ён пачаставаў усіх прысутных сямейнай стравай ролы з селядца па матуліным рэцэпце, а яшчэ выканаў вясёлую песню на латышскай мове. 
Хармайстар і ўдзельніца народнага ансамблю песні “Млын” Ветрынскага гпДк Пашкова Алена Мікалаеўна, родам з Казахскай ССР, не проста прыйшла на сустрэчу ў нацыянальным убранні і прынесла баўрсакі, а яшчэ прадэманстравала казахскі танец камажай.
Яркія і харызматычныя ўдзельнікі народнага клуба армянскай культуры “Хаш” Гомельскага СДК прывезлі фотавыставу, унікальныя нацыянальныя рэчы і печыва гата.




Кожная прэзентацыя была непаўторнай і вельмі пазнавальнай, а разам яны склаліся ў сапраўднае інтэрактыўнае падарожжа.
Тематычная праграма стала яшчэ аднім доказам таго факта, што Беларусь – шматнацыянальная краіна, у якой побач з беларусамі дабразычліва суседнічаюць рускія, украінцы, армяне, казахі, латышы, прадстаўнікі многіх іншых народаў.
У любых абставінах, як бы не павярнулася жыццё, куды б не завяла дарога, трэба  шанаваць сваю культуру і малую радзіму, заўсёды заставацца верным сваім караням.