У нядзелю ў
аграгарадку Зялёнка Полацкага раёна было горача, ды не толькі ад спякотнага надвор’я, бо тут яскрава і з размахам
адзначылі летняе свята пачатку сенакосу “Кузьмінкі”.
Ужо другі год напрыканцы
ліпеня аматары народных гулянняў збіраюцца ў гэтым куточку Полаччыны, каб
ушанаваць святых Кузьму і Дзям’яна ды зладзіць свята па тутэйшых традыцыях.
Сёлета паспаборнічаць ў незвычайных іспытах сабралася 11 каманд: з Ветрына,
Гаран, Захарніч, Завозер’я, Блізніцы, вёсак Азіна, Багатырская, Булаўкі і
Чарняя, гасцей падтрымалі мясцовыя каманды КУСГП “Зялёнка” і ДУА “Зялёнкаўская
ДС-БШ”.
Распачалася
кузьмінкаўская дзея з падняцця святочнага сцяга, традыцыйнага гімна ў выкананні
заўзятараў свята ансамбля песні “Фярцінка” Багатырскага СДК, а таксама
тэатралізаванай імпрэзы пра вясковае жыццё ад народнага тэатра мініяцюр
“Веснік” (рэжысёр Кудзеля Л.М.)
Як кожная раніца ў вёсцы не абыходзіцца без крыку пеўня, так і “Кузьмінкаўскія ігрышчы” былі гучна абвешчаны гэтым сімвалам свята. Ды не адным! Дарэчы кажучы, каб адкрыць спаборніцтвы ў Зялёнцы спатрэбіліся ажно чатыры пеўня, якія выканаўшы сваю ганаровую справу, патарапіліся хутчэй скрыцца з шумнай пляцоўкі.
Ну, а далей загадчык
Зялёнкаўскага сельскага Дома культуры Алена Фурс і загадчык аддзелам народнай
творчасці Полацкага раённага Цэнтра культуры Аляксей Зуеў прапанавалі для
ўдзельнікаў шмат цікавых выпрабаванняў.
Каб
улагодзіць Кузьму і Дзям’яна госці прыехалі не з пустымі рукамі, а прывезлі
пачастункі: хто салодкае варэнне новага ўраджаю, хто мяшочак збожжа, а вось самая
шчодрая гаспадыня Бахір Алеся з Булавак здзівіла пышным караваем. Задорны
“Танцавальны паядынак” вымусіў і ўдзельнікаў, і гледачоў пусціцца ў скокі. Лепшай
у гэтым конкурсе стала ўдзельніца каманды КУСГП “Зялёнка” Чарняўская Раіса.
Пакуль
гледачы частаваліся наварыстай кузьмінкаўскай кашай, каманды спрачаліся на
спрыт у забаўных эстафетах “Маркоўнае спаборніцтва”, “Барацьба за памідоры” і
“Супраць пустазелля”. У выніку самымі спрытнымі сталі азінцы. А ў “Маркоўным
спаборніцтве” перамаглі дзяўчаты, якія прадстаўлялі мясцовую ўстанову адукацыі.
З гумарам па жыцці, як высветлілі іспыты, заўсёды крочыць каманда з Ветрына.
Самымі дружнымі ў святочных спаборніцтвах былі завозерцы. А вось пра тое, што
“Агарод – бабін даход” аказваецца лепш за ўсіх ведаюць жыхары вёскі
Багатырская. Як самую прыгожую каманду журы адзначыла прадстаўнікоў з вёскі
Чарняя.
Падчас
зялёнкаўскіх Кузьмінак кожная каманда аказаласяся на кані і была варта яго
асядлаць, бо ўсе ўдзельнікі не засталіся без дыпломаў, якія атрымалі з рук
старшыні Зялёнкаўскага сельвыканкама Нядоўбы Віктара Мікалаевіча. Першынство ж у
гэтым годзе падзялілі адразу дзве каманды: з Гаран і вёскі Булаўкі.
Арганізатары
мерапрыемства аддзел культуры Полацкага райвыканкама, ДУК “Полацкі раённы Цэнтр
культуры” і філіял 9 Зялёнкаўскі сельскі Дом культуры выражаюць глыбокую
падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы свята “Кузьмінкі” КУСГП “Зялёнка” і асабіста дырэктару
Семчанка Марыне Вячаславаўне, Зялёнкаўскаму лясніцтву і асабіста яго ляснічаму
Драздову Івану Іванавічу, ДУА “Зялёнкаўская ДС-БШ Полацкага раёна” і асабіста дырэктару
Сінкевіч Ірэне Генрыхаўне.