понедельник, 13 января 2020 г.

Фольк-арт-уікэнд "Калядны разгуляй" у чацвёрты раз сабраў лепшыя калядныя гурты Полацкага раёна ў вёсцы Багатырская 12 студзеня 2020 года


Фольк-арт-уікэндКалядны разгуляй сабраў 12 студзеня 2020 года ў вёсцы Багатырская лепшых калядоўшчыкаў з розных куткоў Полацкага раёна. 10 самых яркіх гуртоў не пабаяліся прадэманстраваць свае здольнасці, і галоўнае – калядныя традыцыі сваёй мясцовасці на творчым рынгу “Дзівосы на Каляды”. 
Яны спявалі, танчылі, вадзілі карагоды, гулялі ў народныя гульні, ладзілі флэшмобы і, вядома ж, калядавалі. Спачатку, як рабілі ў даўніну нашыя продкі, парад-карнавал удзельнікаў свята прайшоўся па дварах вёсцы. Узначальвалі яго вопытныя мясцовыя калядоўшчыкі – народны фальклорны ансамбль “Галасы спадчыны” (кіраўнік Т. С. Стараннік) і не менш вопытныя госці з Блізніцы – фальклорны калектыў “Блізнянка” на чале з Вольгай Чобат.  У кожнай хаце пераапранутых у коз, мядзведзяў і іншых істот гасцей сустракалі пачастункамі і добрымі словамі.

На галоўнай пляцоўцы разгарнулася вясёлае гулянне. Народны ансамбль песні “Млын” філіяла 3 Ветрынскага гпДк задаваў добры настрой. Творчы калектыў філіяла 2 Багатырскага СДК арганізаваў гульнёвы блок: бой мяшкамі для Механош і “скальзуны” для самых спрытных, а таксама пачаставаў усіх смачнай каляднай кашай. 
Калектыў Полацкага раённага Цэнтра культуры падрыхтаваў конкурсную праграму, у якой гаспадары свята-багатырцы атрымалі першынство ў конкурсе касцюмаў калядных персанажаў “Калядны гардэроб”, самы арыгінальна аформлены валёнак на свята прывезла фарынава-руднянская каманда. Самую лепшую прэзентацыю калядных звычаяў свайго рэгіёна ў сцэнічным варыянце прадэманстравала каманда з аграгарадка Кушлікі.


Свята было арганізавана пры падтрымцы аддзела культуры Полацкага райвыканкама і прайшло ў вёсцы Багатырская ў чацвёрты раз.