пятница, 27 марта 2020 г.

“Цікавае падарожжа Надзейкі. Полацкая спадчына”. Аграгарадок Захарнічы

Праект Полацкага раённага Цэнтра культуры “Цікавае падарожжа Надзейкі. Полацкая спадчына” працягвае раскрываць сваім прыхільнікам таямніцы гісторыі і традыцыйнай культуры Полаччыны.
Аднойчы, шпацыруючы па гарадскіх вулачках, Надзейка завастрыла ўвагу на назве адной з іх. Вуліца Хруцкага… Зразумела, што яна названа ў гонар знакамітага беларускага мастака, але як яго лёс звязаны з Полацкай зямлёй?
На гэты раз дапытлівы розум прывёў галоўную гераіню ў аграгарадок Захарнічы. Менавіта тут у XIX стагоддзі знаходзілася сядзіба знакамітага бларускага мастака Івана Фаміча Хруцкага, у якой ён правёў апошнія чатыры дзесяцігоддзя свайго жыцця і набыў сямейнае шчасце. Дом ён пабудаваў па ўласным праекце, укладваючы часцінкі сваёй душы, заклаў сад. Нажаль, радавое гняздо не захавалася да нашых дзён. Убачыць маляўнічыя краявіды Надзейка змагла толькі на нешматлікіх фотаздымках у Інтэрнэце. Але ёй усё ж пашчасціла адчуць сувязь часоў і пакаленняў. На месцы той самай сядзібы размешчаны памятны знак, як сімвал павагі нашчадкаў да знакамітага земляка.

Як захоўваюць спадчыну сучасныя мясцовыя жыхары? Чым зараз дыхаюць Захарнічы? Дзе знаходзіцца цэнтр культурнага жыцця? Пошукі адказаў на гэтыя пытанні прывялі Надзейку ў мясцовы сельскі Дом культуры. І не здарма, бо яна адразу трапіла на цікавае мерапрыемтсва – адкрыццё этнакутка. 

Захарніцкія культработнікі пад кіраўніцтвам загадчыка Нядоўбы Алены Дзмітрыеўны даўно цікавяцца традыцыямі, гісторыяй, этнаграфіяй родных мясцін, таму з задавальненнем вырашылі прыняць удзел у раённым аглядзе-конкурсе этнаграфічных куткоў “Свет нашых продкаў”, аб’яўленым сярод сельскіх клубных устаноў Полацкім РЦК. Зборам экспанатаў для этнакутка зацікавіліся і жыхары Захарнічаў. Зараз у экспазіцыі ёсць старэнькі прас на вуглях, калаўрот, маслабойка і шмат іншых гаспадарчых прылад, якімі карысталіся нашы продкі ў паўсядзённым жыцці.
Надзейка і загадчык філіяла 8 Захарніцкага СДК Нядоўба Алена Дзмітрыеўна


Маладзёжкіна Людзміла Міхайлаўна прэзентавала цікавую рэч з сямейнага куфэрка – мяшалку, якой рабіла зацірку яшчэ яе бабуля. Найпрыгажэйшыя вышываныя ручнікі сваёй матулі перадала ў куток Зімаскова Любоў Мікалаеўна. Успамінамі дзяцінства падзялілася яе сяброўка і суседка Карбоўская Галіна Сямёнаўна: “Калі мама Вера садзілася за рукадзелле, то заўсёды збірала вакол сябе стайку зацікаўленных дзяўчат і старалася навучыць іх свайму майстэрству”. 
Карбоўская Галіна Сямёнаўна расказвае пра мясцовыя ручнікі
Вучыліся многія, але паўтарыць узоры захарніцкай майстрыхі маглі не ўсе. Каштоўнасць рознакаляровых руж, чырвоных зорак і зігзагаў яшчэ і ў тым, што ў кожны сімвал нашы продкі ўкладвалі асаблівае сакральнае значэнне. Успамінаючы заветы мамы Веры, Галіна Сямёнаўна расказала Надзейцы, што па абодвух краях рушніка абавязкова рабілі аднолькавы ўзор, каб не страціць гармонію паміж духоўным і матэрыяльным светам, а сярэдзіну пакідалі пустой, каб жаццёвая дарога была лёгкай і прасторнай. А дробныя неакуратнасці не выпраўлялі, каб у лёс блытаніну не ўнесці – жыццё разнастайнае і не можа быць ідэальным.

Увогуле захарніцкая зямля багата на таленты і знакамітаму мастаку І.Ф. Хруцкаму не было б сорамна за сваіх землякоў. Творчых людзей тут любяць і паважаюць. Загадчык СДК Алена Дзмітрыеўна і сама вельмі разнабаковая і таленавітая жанчына, яна займаецца не толькі прыкладным мастацтвам, вышыўкай, але ў апошні час актыўна развівае свае артыстычныя здольнасці. А вось аматары вакальнага жанру аграгарадка Захарнічы з задавальненнем наведваюць калектыў эстрадных спеваў “Мелодыя” пад кіраўніцтвам культарганізатара Паўла Іванавіча Бажко. 
На адкрыцці этнакутка Надзейка асабіста змагла ацаніць не толькі каштоўнасць экспанатаў, але і вакальныя і артыстычыя дадзеныя ўдзельнікаў мясцовай самадзейнасці. Прыемныя ўспаміны аб гасціннай сустрэчы і цікавых знаёмствах з Захарніцкай зямлёй і яе жыхарамі надоўга застануцца ў памяці гарадской дзяўчыны. 

А відэасправаздачу паводле яе “Цікавага падарожжа” ўжо можна ацаніць у сацыяльных сетках “Вконтакте” і “Одноклассники”.