среда, 27 июня 2018 г.

Пятае “Смачнае падарожжа Надзейкі” ў аграгарадок Завозер’е Гомельскага сельсавета


28 чэрвеня Надзейка адправіцца ў пятае “смачнае падарожжа” па Полацкім раёне.
Праект “Полаччына гасцінная” па адраджэнні традыцыйнай аўтэнтычнай мясцовай кухні завітаў ужо ў некалькі куточкаў Полаччыны і кулінарны блакнот галоўнай гераіні папоўніўся рэцэптамі такіх рэдкіх беларускіх страў, як цыбрыкі і раўгеня па-багатырску, рыбнае шчаўе і таўчонікі з макам па-блізніцку, гарохавыя камы па-мацюшэўску, пражонка і ладада аб сакрэтах прыгатавання якіх, а таксама іншых цікавых падрабязнасцях незвычайных вандровак можна даведацца са старонак “Смачнае падарожжа Надзейкі” сацыяльных сетак ВКОНТАКТЕ і ОДНОКЛАССНИКИ. Рэгіянальны тэлекнал “Скіф” і Полацкі раённы Цэнтр культуры вядуць запіс цыкла перадач пра вясковыя кулінарныя прыгоды гарадской дзяўчыны.

На гэты раз Надзейка адправіцца ў аграгарадок Завозер’е, які славіцца сваім бярозавым сокам, багатымі ляснымі дарамі, чыстымі азёрамі, ветлівымі людзьмі і, канешне ж, задорным святам народнага майстэрства, традыцыйных ведаў і добрасуседства “Завозерская беразуха”.
 А колькі цікавых рэцэптаў ведаюць мясцовыя гаспадыні! І яны заўсёды вельмі рады падзяліцца імі з усімі жадаючымі. 
Надзейка проста не змагла ўпусціць такі шанец, і ёй ужо няцерпіцца распытаць тутэйшых жыхароў пра іх кулінарныя сакрэты.  А вы ведаеце што за страва – завозерская сялянка? А як завозерскія гаспадыні гатуюць бярозавы квас? Хутка аб гэтым, і не толькі, нам раскажа пятае “Смачнае падарожжа Надзейкі”.

Дарэчы кажучы, свята “Завозерская беразуха” толькі адшумела і яго “рызынкай” стала не толькі дэгустацыя знакамітага ў Полацкім раёне завозерскага бярозавага квасу, але і стварэнне “Бярозавай алеі добрасуседства”, якую саджалі самі жыхары аграгарадка ў знак агульнага яднання, сяброўства і добрасуседства.  З упэўненнасцю можна сказаць, што добрыя завозерскія суседзі не змогуць пакінуць без увагі “Смачнае падарожжа Надзейкі” і абавязкова завітаюць не толькі пачаставацца, але і падзяліцца цікавымі гісторыямі свайго любімага Завозер’я.