Пры ўваходзе
госцейкам свята трэба было прайсці праз жартоўную “Полацкую мытню” ад анімацыйнай групы
народнага тэатра гульні “Грыбны сезон”. Далей іх сустракаў народны тэатр
мініяцюр “Веснік” філіяла “Зялёнкаўскі СДК” з інтэрактыўнай праграмай “Ад сахі
да каравая”, якая летась так палюбілася наведвальнікам полацкай пляцоўкі на
“Славянскім базары ў Віцебску”. На першым паверсе раскінулася
выстава-прэзентацыя праекта “Культура і звычаі роднага краю”: этнакуток са
старажытнымі побытавымі рэчамі як на “машыне часу” адразу перамяшчаў гледачоў
да беларускіх вытокаў.
На другім паверсе
размясціліся майстры ДУК “Полацкі раённы
Цэнтр рамёстваў і нацыянальных культур” Інна Карандзей і Таццяна Красікава з найцікавейшымі
майстар-класамі па выцінанцы “Дрэва жыцця” і лялькі “На здароўе”. Сапраўдным упрыгожваннем этнафэсту стаў майцстар-клас
па завіванні беларускай традыцыйнай наміткі ад навуковага супрацоўніка Музею
традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я Паліны Шкляр.
Асноўнае дзейства развярнулася ў Вялікай зале. Распачалося свята агульным выкананнем абрадавай песні ва ўнікальнай спеўнай манеры “ў перахлёст”, якая з 2019 года ўваходзіць у Дзяржаўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь. І дарослыя, і дзеці працягла і гучна праспявалі “Гаварыла ядраное жыта”, аддаючы даніну павагі нашым працавітым продкам.
Так склалася, што асноўную карпатлівую работу па захаванню Полацкай культурнай спадчыны нястомна вядуць два старэйшыя народныя фальклорныя калектывы: “Галасы спадчыны” Багатырскага СДК і “Блізнянка” Сільніцкага СДК. На этнафэсце яны прадэманстравалі абрады “Імянарачэнне” і “Мыццё барод”, якія былі неад’емнай часткай паўсядзённага жыцця нашых продкаў, дайшлі да нашага часу і працягваюць выклікаць цікавасць у сучаснасці. Абодва калектывы неаднойчы правадзілі гэтыя абрады для жыхароў Полацка і раёна на ўрачыстых цырымоніях рэгістрацыі нованароджаных.
Рызынкай
этнафэсту стаў турнір дарослых калектываў пад назвай “Фольк-традыцыя 2022”. У
першым туры ўдзельнікі дэманстравалі выкананне адной беларускай народнай песні
на свой густ. У другім туры ўдзельнічалі прыпевачніцы, якім патрэбна было пад
музычны акампанемент харызматычна выканаць 5 прыпевак на любую тэму. Спрэчку у
гэтым конкурсе вялі Лідзія Батура з Палаты, Ларыса Рабцава з в. Багатырская і Марына
Багушонак з Блізніцы, якая стала бясспорным пераможцам. Трэці тур –
танцавальны. Удзельніцы самі маглі выбраць сольны танец, асаблівай папулярнасцю
на этнафэсце карысталася “Барыня” і “Сямёнаўна”. Лідэрам гэтага тура стала
кіраўнік “Галасоў спадчыны” Таццяна Стараннік.
Пераможцам турніру “Фольк-традыцыя 2022” па меркаванню журы і па выніках усіх конкурсаў стаў народны фальклорны ансамбль “Блізнянка” пад кіраўніцтвам Вольгі Чобат.
Святочную эстафету ў дарослых перахапілі маленькія пераемнікі народных традыцый – дзіцячыя фальклорныя калектывы Полаччыны ў фольк-батле “Лецейка запрашае”. Чаму “Лецейка”? Менавіта такую назву мае дзіцячы аматарскі фальклорны калектыў з Багатырскага СДК, які носіць ганаровае найменне “узорны”. Кіруе калектывам Вольга Лобкіс. На этнафэсце “Лецейка” прэзентаваў сваю работу і прапанаваў іншым калектывам з аграгарадкоў Гомель, Рудня, Завозер’е, Блізніца прывезці па адной самай цікавай народнай гульне. “Запляціся пляцень”, “Ручаёк з перакрутамі”, “Сонейка”, “Вясёлая полька”… Дзеці з задавальненнем гулялі ў любімыя гульні сваіх бабуль і дзядуль, забыўшыся пра навамодныя гаджэты.
Госцем этнафэсту стаў узорны фальклорны калектыў “Знічка” ДУА "Палатоўская базавая школа Полацкага раёна" пад кіраўніцтвам Валянціны Баевай. Ансамбль не аднойчы станавіўся пераможцам абласных і рэспубліканскіх конкурсаў. Канёк калектыву – побытавыя танцы, песенны фальклор, народныя гульні, абрады, традыцыі. Калектыў з’яўляецца адным з асноўных пераемнікаў спеўнай традыцыі выканання купальскіх і жніўных песень “у перахлёст” і выкарыстоўвае у сваім рэпертуары напрацоўкі старэйшых фальклорных калектываў. На этнафэсце “Знічка” зноў прадэманстравала сваё майстэрства і падаравала гледачам прыемны настрой.
Завяршылася мерапрыемства
агульным побытавым танцам базар, у якім закружыліся ўсе прыхільнікі даўніны. Этнафэст
стаў сапраўдным святам беларускай традыцыйнай культуры, якое дазволіла
абмяняцца набытым вопытам, падвяло вынікі работы “Школы народных традыцый” у адыходзячым
годзе. Кожны ўдзельнік мерапрыемства адпачнуў душой ад сучаснай мітусні,
дакрануўшыся да полацкай спадчыны.
Комментариев нет:
Отправить комментарий