пятница, 18 февраля 2022 г.

Першае мерапрыемства "Школы народных традыцый" адбылося ў в. Багатырская

Першае мерапрыемства новага праекта ДУК "Полацкі раённы Цэнтр культуры" “Школа народных традыцый” адбылося сёння ў філіяле “Багатырскі сельскі Дом культуры”. Менавіта тут паспяхова дзейнічаюць тры фальклорныя калектывы: дзіцячыя "Лецейка" і "Каласочкі" і дарослы “Галасы спадчыны”, які больш за паўстагоддзя захоўвае спеўную традыцыю выканання купальскіх і жніўных песень “у перахлёст”, унесеную ў спіс нематэрыяльных культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. У СДК пастаянна дзейнічае этнагарафічная экспазіцыя ў гонар Веры Уладзіміраўны Пісюковай – заснавальніцы ансамбля “Галасы спадчыны” і носьбіта мясцовага фальклору.


Падчас мерапрыемства кіраўнікі фальклорных калектываў раёна змаглі абмяняцца вопытам, падзяліцца адзін з адным сваімі культурнымі напрацоўкамі. Загадчык аддзелам народнай творчасці Полацкага РЦК І.Я.Крыванос правяла інфармацыйны відэа-экскурс па элементах НКС Віцебскай вобласці.
Першае мерапрыемства "Школы народных традыцый" было прысвечана народнаму святу “Масленіца”, таму кожны ўдзельнік атрымаў ад арганізатараў метадычны зборнік "Сучасныя масленічныя гульні", матэрыялы якога можна будзе выкарыстаць пры падрыхтоўцы святочных гулянняў ужо ў сакавіку. Метадыст Т.А.Хутарная на практыцы прадэманстравала некалькі масленічных забаў.




Полацкі РЦК выражае вялікую падзяку майстру ДУК "Полацкі раённы Цэнтр рамёстваў і нацыянальных культур" Таццяне Пятроўне Красікавай і кіраўніку народнага клуба "Майстар" Інне Уладзіміраўне Карандзей за цудоўны майстар-клас па вырабу лялькі-вяснянкі. Дзякуем хлопцам і дзяўчатам з фальклорных калектываў “Лецейка” і “Каласочкі” і іх кіраўнікам Лобкіс Вользе Аляксандраўне і Таццяне Сцяпанаўне Стараннік за выкананне масленічных песень і майстар-клас па побытавых танцах, а “Галасам спадчыны” за пранікнённыя спевы "ў перахлёст", загадчыку філіяла "Багатырскі СДК" Лукавіцкай Алене Пятроўне за найцікавейшы экскурс па этнаграфічным кутку. Таксама выражаем шчырую падзяку загадчыку Багатырскай бібліятэкай-філіялам № 48 Карабан Інне Мікалаеўне за цёплы прыём у сцянах сваёй установы.