четверг, 21 марта 2019 г.

Цікавае падарожжа да сям’і Скараходавых


Праект “Цікавае падарожжа Надзейкі” Полацкага раённага Цэнтра культуры ў гэтым годзе праходзіць пад дэвізам “Малая радзіма пачынаеца з сям’і”. А што іншае, як не моцныя роднасныя сувязі, з’яўляецца асновай усіх асноў. У розных куточках Полаччыны жывуць дружныя, працавітыя, годныя сем’і, пра якія і мае сваёй мэтай расказаць гэты праект.
Пра Скараходавых з вёскі Бельчыца Экіманскага сельсавета ўжо многія, напэўна, чыталі на старонках газет і чулі па тэлебачанні. Увесь інтарэс ў тым, што галоўнай справай жыцця кожнага яе члена з’яўляецца пчалярства. Бацька вялікага сямейства Андрэй гатовы суткамі напралёт натхненна распавядаць пра разнастайныя нюансы свайго хобі. Жонка Ганна, якая падтрымлівае дамашні ачаг ужо 20 год, падзяляе ўсе пачынанні свайго мужа, нават самыя авантурныя. Старэйшыя сыны Аляксандр і Міхаіл самі неабыякавы да мядовай справы і з’яўляюцца сталымі наведвальнікамі сямейнага пчальніка.
Разам Скараходавы пабывалі на шматлікіх міжнародных мядовых конкурсах і фестывалях у Польшчы, Славакіі, Чэхіі, Велікабрытаніі і Францыі. Россып іх узнагарод выклікае захапленне і павагу.
Бо пчалярства – справа якая патрабуе не толькі вялізных затрат вольнага часу, але і фізічных сіл. Сваім вопытам Андрэй шчыра дзеліцца з маладым пакаленнем і гатовіць вучняў, многія з іх ужо маюць свае міжнародныя дасягненні.

А ў Скараходавых яшчэ ж і малодшыя дзеці ёсць: шасцігадовы Мацвей, зусім маленькія Сафія і Еўфрасіння. Ды і за хатай глядзець трэба. Нарэшце кажучы, будаўніцтва вялікага катэджа вядзецца дзявяты год, і Андрэй усё робіць самастойна, канешне ж, сур’ёзна дапамагае і Ганна, і старэйшыя хлопцы. Але работы яшчэ шмат, як і планаў па добраўпарадкаванню. Нягледзячы на сваю занятасць: пяцёра дзяцей, работа, пчалярства – Скараходавы заўсёды з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі грамадскага жыцця. Вось нядаўна паспрабавалі свае сілы ў раённым этапе конкурса “Шматдзетная сям’я – 2019”, дзе таксама не абыйшлося без дыплома “За сацыяльна значны праект”.

Ну як каманда “Цікавага падарожжа Надзейкі” магла не пазнаёміцца з такой шматграннай сям’ёй асабіста?!
Скараходавы аказаліся вельмі гасціннымі, дабразычлівымі і адкрытымі для новых знаёмстваў, а хата – утульнай і прасторнай. Адразу кінуўся ў вочы надпіс на майках у старэйшых хлопцаў: “Любовь и труд всё перетрут”. Гэта не проста прыгожыя словы. Гэта галоўны прынцып жыцця сям’і, які надае ім ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.

Пасля першай размовы з гаспадарамі, стала зразумела, што своеасаблівым рухавіком, як сапраўдны мужчына, з’яўляецца Андрэй. Калісці ён стаў ініцыятарам стварэння вялікага сямейнага гнязда, як у прамым, так і пераносным сэнсе. Менавіта ён угаварыў жонку на будаўніцтва ўласнай вялікай хаты. А яшчэ Ганна ніколі б не падумала, што стане маці трох памочнікаў-сыноў і дзвюх маленькіх прыгажунь-дачок. А Андрэй заўсёды марыў пра вялікую сям’ю. Калі другі сын Міхаіл крыху падрос, сталі задумвацца пра дачку. На свет з’явіўся сынок Мацвей. Ну а праз пару гадоў і першая дачушка Сафія. “Адной дзяўчынцы будзе сумна сярод хлапчукоў”, – падштурхваў муж жонку. І нарадзілася Еўфрасіння.

Цяпер на пытанне: ці цяжка мець вялікую сям’ю, Ганна адказвае, што гэта весела. “Дзеці падрастаюць, з імі становіцца ўсё цікавей, старэйшыя дапамагаюць з меншымі”. Андрэй дадае: “Як у медаля ёсць два бакі, так і тут. Бывае і цяжка, але ж без дзяцей ужо сумна”. А сумаваць Скараходавым некалі. Калі зрэдку выдаецца вольная хвілінка, апрача пчалярства, глава сям’і аддае перавагу актыўнаму адпачынку – ходзіць на паляванне, разам з сынамі на рыбалку.
Для Ганны ж нічога няма жаданей, чым сямейны вечар, калі ўсе разам і побач. А яшчэ, яна вельмі творчы чалавек. Атрыманыя навыкі ў дзіцячай мастацкай школе, у сталым узросце змагла рэалізаваць у ілюстраванні кнігі Сяргея Мыцько “Эйя – каралева пчол”.
Дарэчы кажучы, на гэта яе натхніў і крыху падштурхнуў зноў-такі муж. Казка ж на мядовую тэму, як можна было не паўдзельнічаць у гэтым праекце! Разам са старшым сынам Аляксандрам Ганна вырабляе пахучыя фігурныя свечкі з пчалінага воску. Упрыгожвае баначкі з мёдам.
Агульная справа аб’ядноўвае ўсіх членаў сям’і і вельмі ажыўляе штодзённую руціну. Калі ёсць нагода, гаспадыня выпякае найсмачнейшыя мядовыя пернікі. Рэцэптаў шмат: і посныя, і здобныя, любой формы і памеру, з разнастайнымі аздабленнямі ў залежнасці ад настрою і сітуацыі. Спецыяльна для “Цікавага падарожжа Надзейкі” Ганна прыгатавала “фірменныя” духмяныя пернікі ў выглядзе ботаў-скараходаў. Паспрабуеш такі, і адразу адчуеш прыліў сіл, энергіі і бадзёрасці для новых здзяйсненняў!
Інгрыдыенты простыя: мука, мягкае сметанковае масла, яйка, па густу можна дабавіць какаву і вострых прыпраў: гваздзіку, карыцу. І абавязкова – мёд, які трэба крышачку растапіць на вадзяной лазні. Атрымоўваецца вельмі смачна, а галоўнае, мае натуральны састаў.
Калісьці Андрэй Скараходаў у адной з замежных вандровак пачуў фразу: “Мёд – гэта здароўе, а здаровы народ – моцная краіна. Таму пчаляр – гэта лекар нацыі”. З гэтым сцвярджэннем нельга не пагадзіцца. Да і самі, Ганна і Андрэй прытрымліваюцца здаровага ладу жыцця і дзецям карысныя звычкі прывіваюць. А яшчэ стараюцца развіваць у іх тыя здольнасці, якія закладзены прыродай. І абавязкова вучаць не баяцца цяжкасцяў.
Супрацоўнікі Полацкага РЦК падрыхтавалі невялічкі сюрпрыз для ўсёй сям’і. Мастацкі кіраўнік Алена Кабякова ў вобразе вясёлай пчолкі прапанавала паўдзельнічаць у “мядовых” забаўках. У сваю чаргу, госцейкам было вельмі прыемна атрымаць слоічак з мёдам і прыгожую свечку на памяць з рук добразычлівых гаспадароў.


Хочацца пажадаць вялікай сям’і не страціць упэўненнасць у сваіх сілах, працягваць ставіць перад сабой мэты і дасягаць іх з лёгкасцю, а самае важнае – захаваць на доўгія гады атмасферу кахання, якая пануе ў кожным куточку іх гасціннай хаты. А праект “Малая радзіма пачынаецца з сям’і” працягваецца, новае “цікавае падарожжа” адбудзецца ўжо зусім хутка.

У артыкуле выкарыстаны фота Кацярыны Паўловіч, з асабістага архіву сям'і Скараходавых і з сайта газеты "Полацкі веснік"