суббота, 15 августа 2020 г.

Полоцк стал медовой столицей в девятый раз!

15 жніўня 2020 года горад Полацк у дзевяты раз запар ператварыўся ў сапраўдную мядовую сталіцу нашай краіны, творчым напаўненнем якой сталі і калектывы ДУК “Полацкі раённы Цэнтр культуры”.

Першай сутракала гасцей “Мядовая сядзіба” Гаранскага сельсавета, на якой размяшчаліся ўпраўленне па адукацыі Полацкага райвыканкама, філіял ААТ “Гараны-агра” ААТ “Полацкі камбінат хлебапрадуктаў”. Атмасфера свята, яскравыя таленты з філіяла 6 Гаранскага СДК і філіяла 13 Навагаранскага СДК сустракалі паважаных гасцей па-беларуску: узнёсла, натхняльна і шчыра.


Крочым далей і трапляем у Азіна, Мацюшы і Кушлікі. Народны тэатральны калектыў “Мроя” філіяла 11 Мацюшэўскага СДК (кіраўнік У.Уладзіміраў)  падрыхтаваў тэатралізаванае відовішча, а клуб выхаднога дня “Весялінка” – гульнёвую праграму для дзяцей. Філіял 1 Азінскі СДК прадставіў лепшую “Царыцу пчалу” (Дар’я Парфененка, кіраўнік дзіцячага вакальнага калектыва “Званочкі”) – дыплом пераможцы таму яскравае пацверджанне. Філіял 10 Кушлікоўскі СДК частаваў удзельнікаў свята-фэсту аўтэнтычнымі стравамі і забаўляў бяспройгрышнай  латарэяй.


Наступны прыпынак – мядовая сядзіба Гомельскага, Экіманскага сельсаветаў ды ААТ “Полацкія напоі і канцэнтраты”. Творчыя калектывы філіяла 7 Завозерскага СДК прадставілі яскравую “Пчолку”, а калектывы філіяла 5 Гомельскага СДК здзіўлялі непаўторнымі вобразамі ды смачнымі стравамі.



Крочучы далей, жыхары і госці Полацка траплялі на “Мядовую сядзібу”, якую прадстаўлялі творчыя калектывы філіялу 14 Астроўшчынскага СДК і філіялу 18 Фарынаўскага ЦКіВЧ. “Мядовая сотачка” – такую назву мела аб’яднаная пляцоўка, партнёрам якой сталі Полацкі РВЭС РУП “Белтэлекам” і ДП “Астроўшчына”. Астроўшчынскія самадзейныя артысты прывезлі Царыцу-пчолку, якая ў выніку конкурсу заняла 2-е месца, а фарынаўцы праспявалі прывітальныя песні, якім апладыраваў нават старшыня Полацкага райвыканкама Ігар Іванавіч Марковіч.




Філіял 15 Палатоўскі СДК, на базе якога ў хуткім часе адчыняе свае дзверы “Мядовая гасцёўня”, філіял 8 Захарніцкі сельскі Дом культуры ды Маласітнянская бібліятэка-клуб таксама аб’ядналіся, каб падараваць палачанам і гасцям нашага старажытнага горада добры настрой. Шмат мёду, яскравыя усмешкі, прыпеўкі ў выкананні “Палатоўскіх весялушак”, ды гульні ні старому, ні малому не давалі сумаваць.




Наступным прыпынкам для гасцей свята стала “Мядовая сядзіба”, арганізаваная філіялам 17 Сільніцкім СДК, упраўленнем па працы, занятасці  і сацыяльнай абароне Полацкага райвыканкама (кіраўнік Касьянава С.М.), ды вытворчым упраўленнем “Полацкгаз”.  Малая архітэктурная форма “Слонік”, вырабы калектываў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і песні ў выкананні фальклорнага ансамбля “Блізнянка” (кіраўнік Аўласенка В.А.) Сільніцкага СДК, мядовыя пачастункі ад пасечнікаў Вароніцкага сельсавета запомняцца ўдзельнікам мядовага свята. Дарэчы кажучы, менавіта гэта пляцоўка атрымала дыплом 2-й ступені.

Немагчыма было абысці “Мядовую сядзібу” Ветрынскага сельсавету ды УВП “Полацкі малочны камбінат”.



Як заўсёды прыемна было адчуць сапраўдныя  “галасы спадчыны” у выкананні творчых калектываў філіяла 2 Багатырскага сельскага Дома культуры, разам з якімі пляцоўку ўпрыгожвалі Полацкія электрасеткі РУП “Віцебскэнерга” і ААТ “Полацкі аграсервіс”. Ансамбль песні “Фярцінка” (кіраўнік Лукавіцкая А.П.) кранаў палачан гукамі сваіх спеваў. Калектывы, накіраваныя на прапаганду здаровага ладу жыцця, разам з кіраўніком Абжыгайлавай  Н.А. здзівілі гасцей цікавымі гульнямі, а ўдзельніца вакальнага калектыву “Вяснушкі” Анастасся (кіраўнік Лобкіс В.А.) заняла ў конкурсе “Царыца пачала” 3-е месца.



“Мядовую сядзібу”, якая размяшчалася ля плошчы Францыска Скарыны, прадстаўлялі творчыя калектывы філіяла 9 Зялёнкаўскага СДК: народны тэатр мініяцюр “Веснік” і народнае аматарскае аб’яднанне “Сустрэча з цудоўным”.  Гэта яркая пляцоўка была самай гучнай, што адзначыў нават старшыня Полацкага райвыканкама Марковіч І.І. Народныя арнаменты. беларускія буслы ды смачныя пірагі не маглі пакінуць гэтую сядзібу без увагі гледача. Мёд, прадстаўлены КУСГП “Зялёнка”, спадабаўся палачанам. А 2-е месца ў конкурсе “Мядовы цар” было прысуджана Карнілаву У.В. з вёскі Лукаўцы Зялёнкаўскага сельсавета.

У рамках свята–фэсту адбылося асвячэнне мёду святаром Полацкай Епархіі Беларускага Экзархату Айцом Уладзірам.

Настрой, падораны творчымі калектывамі структурных падраздзяленняў ДУК “Полацкі раённы Цэнтр культуры”, застанецца ў сэрцах палачан і гасцей нашага горада да наступнага мядовага свята.










четверг, 30 июля 2020 г.

Зажынкі на Полаччыне - 2020

Полаччына адсвяткавала Зажынкі!

Сёння гаспадарка СУП “Полацк-Мілк” шчыра прымала гасцей з усяго раёна: кіраўніцтва, спецыялістаў ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні, дырэктароў сельгаспрадпрыемстваў, камбайнераў, вадзіцеляў. Творчы каллектыў ДУК “Полацкі раённы Цэнтр культуры” разгарнуў тут свята першага снапа “Зажынкі на Полаччыне”.

Айцец Дзмітрый асвяціў добрую справу хлебаробаў малітвай. 
Народны фальклорны ансамбль “Галасы спадчыны” і ансамбль “Блізнянка” зладзілі абрад “Гаварыла ядраное жыта”. 

Урачыста распачаў жніво старшыня Полацкага райвыканкама Марковіч Ігар Іванавіч: павязаўшы на пояс перавясла і узяўшы касу ў рукі, ён зрабіў першы пракос. Затым абмалаціў цэпам першае зерне, з якога быў зроблены абярэг, сімвал добрага намалота – лялька-зернавушка.
Тры разы падкінуў Ігар Іванавіч сноп новага ўраджаю высока ў неба з пажаданнямі выдатнага жніва.



Канцэртная праграма “Галасы жніва” ад ансамбля песні “Фярцінка” філіяла 2 Багатырскага СДК падаравала прысутным добры настрой на далейшую працу і камбайны адправіліся ў поле.



воскресенье, 26 июля 2020 г.

Народнае свята "Кузьмінкі" - 2020 у Полацкім раёне


У нядзелю ў аграгарадку Зялёнка Полацкага раёна было горача, ды не толькі ад спякотнага надвор’я, бо тут яскрава і з размахам адзначылі летняе свята пачатку сенакосу “Кузьмінкі”.
Ужо другі год напрыканцы ліпеня аматары народных гулянняў збіраюцца ў гэтым куточку Полаччыны, каб ушанаваць святых Кузьму і Дзям’яна ды зладзіць свята па тутэйшых традыцыях. Сёлета паспаборнічаць ў незвычайных іспытах сабралася 11 каманд: з Ветрына, Гаран, Захарніч, Завозер’я, Блізніцы, вёсак Азіна, Багатырская, Булаўкі і Чарняя, гасцей падтрымалі мясцовыя каманды КУСГП “Зялёнка” і ДУА “Зялёнкаўская ДС-БШ”.

Распачалася кузьмінкаўская дзея з падняцця святочнага сцяга, традыцыйнага гімна ў выкананні заўзятараў свята ансамбля песні “Фярцінка” Багатырскага СДК, а таксама тэатралізаванай імпрэзы пра вясковае жыццё ад народнага тэатра мініяцюр “Веснік” (рэжысёр Кудзеля Л.М.) 


Як кожная раніца ў вёсцы не абыходзіцца без крыку пеўня, так і “Кузьмінкаўскія ігрышчы” былі гучна абвешчаны гэтым сімвалам свята. Ды не адным! Дарэчы кажучы, каб адкрыць спаборніцтвы ў Зялёнцы спатрэбіліся ажно чатыры пеўня, якія выканаўшы сваю ганаровую справу, патарапіліся хутчэй скрыцца з шумнай пляцоўкі.


Ну, а далей загадчык Зялёнкаўскага сельскага Дома культуры Алена Фурс і загадчык аддзелам народнай творчасці Полацкага раённага Цэнтра культуры Аляксей Зуеў прапанавалі для ўдзельнікаў шмат цікавых выпрабаванняў.




Каб улагодзіць Кузьму і Дзям’яна госці прыехалі не з пустымі рукамі, а прывезлі пачастункі: хто салодкае варэнне новага ўраджаю, хто мяшочак збожжа, а вось самая шчодрая гаспадыня Бахір Алеся з Булавак здзівіла пышным караваем. Задорны “Танцавальны паядынак” вымусіў і ўдзельнікаў, і гледачоў пусціцца ў скокі. Лепшай у гэтым конкурсе стала ўдзельніца каманды КУСГП “Зялёнка” Чарняўская Раіса.


А вось Галіна Бахір з Булавак пакарыла журы танцавальнай імправізацыяй. Гледачы разам адгадвалі “жывыя” прыказкі і прымаўкі ад удзельнікаў тэатра “Веснік”, а вялізны “Мудрамер” адлюстроўваў узровень народных ведаў. Самай “мудрай” аказалася каманда з аграгарадка Блізніца.



Пакуль гледачы частаваліся наварыстай кузьмінкаўскай кашай, каманды спрачаліся на спрыт у забаўных эстафетах “Маркоўнае спаборніцтва”, “Барацьба за памідоры” і “Супраць пустазелля”. У выніку самымі спрытнымі сталі азінцы. А ў “Маркоўным спаборніцтве” перамаглі дзяўчаты, якія прадстаўлялі мясцовую ўстанову адукацыі. З гумарам па жыцці, як высветлілі іспыты, заўсёды крочыць каманда з Ветрына. Самымі дружнымі ў святочных спаборніцтвах былі завозерцы. А вось пра тое, што “Агарод – бабін даход” аказваецца лепш за ўсіх ведаюць жыхары вёскі Багатырская. Як самую прыгожую каманду журы адзначыла прадстаўнікоў з вёскі Чарняя.


Падчас зялёнкаўскіх Кузьмінак кожная каманда аказаласяся на кані і была варта яго асядлаць, бо ўсе ўдзельнікі не засталіся без дыпломаў, якія атрымалі з рук старшыні Зялёнкаўскага сельвыканкама Нядоўбы Віктара Мікалаевіча. Першынство ж у гэтым годзе падзялілі адразу дзве каманды: з Гаран і вёскі Булаўкі.


Арганізатары мерапрыемства аддзел культуры Полацкага райвыканкама, ДУК “Полацкі раённы Цэнтр культуры” і філіял 9 Зялёнкаўскі сельскі Дом культуры выражаюць глыбокую падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы свята “Кузьмінкі” КУСГП “Зялёнка” і асабіста дырэктару Семчанка Марыне Вячаславаўне, Зялёнкаўскаму лясніцтву і асабіста яго ляснічаму Драздову Івану Іванавічу, ДУА “Зялёнкаўская ДС-БШ Полацкага раёна” і асабіста дырэктару Сінкевіч Ірэне Генрыхаўне.