четверг, 19 ноября 2020 г.

З 20-годдзем, "ЗАМАНІХА"!

2020-ы – гэта не толькі высакосны год і час дакучлівай пандэміі, але і 20-годдзе аднаго з самых яскравых, прафесійных і самабытных музычных калектываў Полаччыны ­­– народнага ансамбля народнай песні "Заманіха", які дорыць радасць сустрэчы з народнай песняй слухачам не толькі Полацкага раёна, Віцебскай вобласці, але і замежжа. “Заманіха” рэгулярна выступае на канцэртных пляцоўках Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі”, Міжнароднага фестывалю народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”, на святочных мерапрыемтсвах у Латвіі, Польшчы, гарадах Расійскай Федэрацыі. 


19 лістапада 2020г. павіншаваць калектыў з юбілеем у Полацкі раённы цэнтр культуры прыйшлі самыя блізкія сябры і прыхільнікі таленту "Заманіхі". Лепшыя песні з 20-гадовага рэпертуару і новыя творы, інструментальныя кампазіцыі і нумары "а капэла" ў выкананні любімых артыстаў сталі падарункам для адданых гледачоў, якія ў адказ не шкадавалі апладысментаў і кветак. 



Самай жа важкай узнагародай вечара стала Ганаровая грамата Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, уручаная кіраўніку ансамбля Сяргею Хенрыкавічу Смулько за шматгадовую добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм і значны асабісты ўклад у развіццё і папулярызацыю нацыянальнай культуры.