среда, 23 января 2019 г.

Дзень беларускай мовы ў Полацкім раённым Цэнтры культуры


У век тэхнічнага прагрэсу камп’ютэры, смартфоны і іншыя гаджэты становяцца ўсё больш папулярнымі. Мы пастаянна карыстаемся электроннай поштай, пішам СМСкі адзін аднаму, замест эмоцый ставім смайлікі, Інтэрнэт-зносіны замяняюць рэальныя. Сучасны чалавек куды радзей выкарыстоўвае ручкі, алоўкі, звычайную паперу для выражэння думак. Не выключана, што праз нейкі час мы проста забудзем, як пісаць паштоўкі і лісты ад рукі. А тым больш на беларускай мове.
А ці ведаеце вы, што існуе Дзень ручнога пісьма альбо почырку, які адзначаецца ва ўсім свеце 23 студзеня? Акрамя таго, у 2019 годзе спаўняецца 100 год са дня ўтварэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. БССР – гэта цэлая эпоха ў нашай гісторыі, яна стала падмуркам для стварэння сучаснай беларускай дзяржаўнасці.
З гэтай нагоды, творчыя работнікі Полацкага раённага Цэнтра культуры вырашылі прысвяціць цэлы дзень не толькі ручному пісьму, а беларускай мове ўвогуле.

Кожны, хто трапляў на парог Цэнтра культуры абавязкова і нават мімаволі пачынаў гаварыць па-беларуску. Ветлівыя дзяўчаты ў бела-блакітных сукенках прапанавалі запоўніць анкету з тэматычнымі пытаннямі, мацавалі эмблему “Размаўляем па-беларуску” і ўручалі картку з літарай і адметным словам.
Напрыканцы працоўнага дня наступаў самы цікавы момант. Творчая група, у складзе мастацкага кіраўніка Алены Кабяковай, метадыста Надзеі Зайцавай і кіраўніка народнага клуба Кацярыны Квашніной, прааналізавала анкеты і падрыхтавала цікавае тэматычнае мерапрыемства. На ім былі ўзгаданы лепшыя беларускія пісьменнікі і паэты, прагучалі любімыя беларускія песні і вершы.

“Ехаў Ясь на кані” спявалі ўсе разам, ды яшчэ і з элементамі тэатралізацыі.
Не абыйшлося і без народных танцаў. Полька і лявоніха аказаліся ў фаварытах. А вось растлумачыць адметныя беларускія словы не ўсім аказалася пад сілу.
Яшчэ на працягу ўсяго дня ўдзельнікі мерапрыемства інкогніта пісалі адзін аднаму віншаванні. Потым разам адгадвалі аўтара паштоўкі па почырку.
А далей быў невялічкі экскурс па найлюбімейшых святах беларусаў. Зусім нядзіўна, што сярод іх аказаліся Купалле і Каляды. Дзяўчаты прапанавалі ўсім прысутным узгадаць лета і закружыцца ў купальскім карагодзе.
А пасля пакалядаваць разам з вясёлай козачкай.

Далучыўся да Дня беларускай мовы і ансамбль народных інструментаў Полацкага РЦК. Музыкі выканалі лепшыя беларускія інструментальныя творы ў сучаснай апрацоўцы.

Дзень беларускай мовы наблізіўся да завяршэння, але любоў да роднай мовы ніколі не павінна заканчвацца. Наша мова павінна жыць у вершах, мілагучных песнях, на паперы, у друку, у простых размовах на вуліцы, а галоўнае, у сэрцы кожнага беларуса.