воскресенье, 24 ноября 2019 г.

Этнафэст "Жывая даўніна" ўпершыню адбыўся ў Полацкім раёне


24 лістапада ў Полацкім раённым Цэнтры культуры ўпершыню адбыўся раённы этнафэст “Жывая даўніна” ў рамках Года малой радзімы, які прайшоў пры падтрымцы аддзелаў культуры, ідэалагічнай работы і па справах моладзі Полацкага райвыканкама, ПРА Беларускі прафсаюз работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму, ПРА ГА “БРСМ”, УВП “Полацкі малочны камбінат”.
Этнафэст стаў сапраўдным святам беларускай традыцыйнай культуры і сямейнага дабрабыту. На першым паверсе гасцей сустракалі легенды “Полацкай Гранд-батлейцы”, на другім – разгарнулася выніковае мерапрыемства праекта “Цікавае падарожжа Надзейкі. Малая радзіма пачынаецца з сям’і”, а ў глядацкай зале можна было падтрымаць удзельнікаў турніру народных танцаў.

Падрабязнасці “Цікавых падарожжаў Надзейкі” па Полацкім раёне  ўвайшлі ў зборнік, які быў прэзентаваны падчас этнафэста. Сем’і-ўдзельнікі праекта з Экіманскага, Фарынаўскага, Ветрынскага, Палатоўскага, Баравухскага, Зялёнкаўскага, Саланіцкага, Гаранскага сельсаветаў падрыхтавалі выставу-дэгустацыю аўтэнтычнай кухні “Дзіўны смак сямейных страў”.




У турніры народных танцаў прынялі ўдзел 22 пары з Полацку, Полацкага і Віцебскага раёнаў. Яны спрачаліся ў майстэрстве выканання такіх танцаў, як кракавяк, лысы і падэспань.

Падрыхтавалі цікавыя майстар-класы і прапанавалі гледачам адправіцца ў фольк-вандроўку калектывы-госці:
- фальклорны гурт “Варган” ДУ “Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт” (кір. В. Емяльянчык),

- народны гурт архаічных спеваў “Княжыч” Цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры г. Наваполацка (кіраўнік Васіленка К.),

- аматарскае фальклорнае аб’яднанне “Жывая спадчына” ДУК “Віцебскі раённы цэртр культуры і творчасці” (кір. М.Яско).

Народны фальклорны калектыў “Галасы спадчыны” Багатырскага СДК (кір. Стараннік Т.) акрамя танцавальнага майстар-класу прадэманстраваў спеўную традыцыю выканання жніўных і купальскіх песень “у перахлёст”, якой у 2019 г. нададзены статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.

Фальклорны ансамбль “Блізнянка” Сільніцкага СДК (кір. Аўласенка В.) прапанаваў урывак абрадавай дзеі свята народнага календара Юр’е.
Бясспрэчнымі пераможцамі турніру танцаў сталі Палякоў Станіслаў і Прызба Ксенія з Віцебскага раёна, другое месца падзялілі дзве пары: Парфененка Дар’я, Кірпічонак Арцём з в. Азіна і Стараннік Таццяна, Ранат Хабібулін з в. Багатырская. На трэцім месцы аказаліся Мароз Алена, Худобкін Андрэй з Зялёнкі і Нахаенка Аляксей, Дыкленка Карына з Віцебскага раёна. Спецыяльным прызам адзначана самая юная пара ўдзельнікаў: Крымоўскі Сяргей і Ігнацьева Аліна з аг. Рудня.

Арганізатары выражаюць падзяку ўсім удзельнікам этнафеста “Жывая даўніна”: сем’ям Катаржэўскіх, Абжыгайлавых, Шульга, Люцько, Мурашка, Скараходавых, Цяцера, дынастыі Якаўлевых-Тофаравых; партнёрам і спонсарам мерапрыемства; фальклорным калектывам “Варган”, “Княжыч”, “Жывая спадчына”, творчым калектывам сельскіх клубных устаноў і ўсім, хто аказваў падтрымку і дапамогу падчас падрыхтоўкі і правядзення этнафэсту.


Комментариев нет:

Отправить комментарий