понедельник, 9 декабря 2019 г.

Маладзёжная этнавечарынка "Вясковыя агледзіны" прайшла ў Полацкім раёне

Трэці год запар у Полацкім раёне праходзяць маладзёжныя этнавечарынкі, якія ладзіць ДУК “Полацкі раённы Цэнтр культуры” пры падтрымцы аддзела культуры Полацкага райвыканкама. Спачатку у аграгарадку Гараны выбіралі лепшую нявесту, летась  самага зайздроснага жаніха. У гэтым годзе ў Фарынаўскі Цэнтр культуры і вольнага часу з’ехаліся маладыя хлопцы і дзяўчаты з розных куткоў Полаччыны, каб паўдзельнічаць у “Вясковых агледзінах”. Нашы продкі таксама любілі падобныя вячоркі, якія давалі ім магчымасць не толькі цікава правесці вольны час доўгімі зімовымі вечарамі, але і, мажліва, знайсці сабе суджанага ці суджаную.

Каб прадэманстраваць свае лепшыя якасці моладзі прыйшлося прайсці шэраг іспытаў. Хлопцы спрачаліся ў народных спаборніцтвах "Майстравая слабада": біліся мяшкамі на лаўцы, спрабавалі зрабіць кошык для абранніцы, прайшлі выпрабаванні на моц і спрыт.  

Дзяўчаты таксама не сумавалі: рыхтавалі пасаг у ан-лайн рэжыме, варажылі на суджанага і спаборнічалі ў дзявочых забаўлянках. Усе разам удзельнічалі ў майстар-класе па побытавых танцах ад народнага фальклорнага ансамбля "Галасы спадчыны" Багатырскага СДК, частаваліся смачнымі пірагамі і падпявалі ансамблю "Фярцінка". А напрыканцы зышліся ў танцавальным батле “Сценка на сценку” – дзяўчаты супраць хлопцаў.  Нават гледачам старэйшага пакалення цяжка было ўсядзець на месцы!



"Куток нявесты" з вясельным убраннем, створаны майстрамі Полацкага раённага Цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур, надаваў неабходны святочны каларыт.
Разынкай свята сталі конкурсы на лепшае святочнае ўпрыгожванне для дзяўчат "Прыгажосць па-беларуску” і на лепшы святочны галаўны ўбор для хлопцаў «Мода ад народа». Журы ў складзе старшыні Фарынаўскага сельвыканкама Далгаполавай Н.В., загадчыка ДУА “Фарынаўскі яслі-сад Полацкага раёна” Жахоўскай Т.В. і кіраўніка народнага фальклорнага калектыву “Галасы спадчыны” Стараннік Т.С. прыйшлося нялёгка. Кожны ўдзельнік спрабаваў уразіць чымсьці асаблівым.

На капялюшы Аляксандра Сушчыка з Гаран размясціўся сапраўдны халасцяцкі набор у выглядзе патэльні з яечняй ды іншых мужчынскіх прысмакаў. Дзмітрый Шаўкун родам з бярозавага краю –  аг. Гомель Завозерскага сельсавета, таму і яго капалюш адлюстроўваў любоў да найпрыгажэйшай прыроды роднай мясціны. Бясспрэчным пераможцам сярод хлопцаў стаў Скітаў Павел. Ён прыехаў з аг. Кушлікі ў арыгінальным галаўным ўборы, на якім красавалася постаць дзяўчыны. "Што на галаве - тое і ў галаве!" – пракаменцірваў хлопец свой знешні выгляд.

Дзяўчаты ў сваю чаргу стараліся прыцягнуць погляды маладых людзей і пакарыць журы прыгожымі пацеркамі, вянкамі, завушніцамі, зробленымі ўласнаручна. Рознакаляровы вяночак і абаянне прынеслі Панамаровай Ірыне з аграгарадка Рудня дыплом 1 ступені. Усе пераможцы тэматычных конкурсаў атрымалі прызы ад аддзела культуры і Полацкага РЦК.
Галоўнымі ж падарункамі для ўсіх удзельнікаў сталі яскравыя ўсмешкі, цудоўны настрой, запал бадзёрасці ад народных гульняў і танцаў, ну і, канешне ж, новыя знаёмствы.

Комментариев нет:

Отправить комментарий