“Цікавае
падарожжа Надзейкі” працягваецца. Летась маладой дзяўчыне пашчасціла
пазнаёміцца з васьмю незвычайнымі сем’ямі, якія шануюць сваю бацькаўшчыну, яе
традыцыйную культуру, роднасныя сувязі і сямейныя каштоўнасці. У 2020 годзе ДУК
“Полацкі раённы Цэнтр культуры” працягвае рэалізацыю праекта, але ўжо з новым
гучаннем – пад рэмаркай “Полацкая спадчына”, таму і сэнс яго цяпер набывае
большую глыбіню. Надзейка, як прадстаўнік маладога пакалення, дасціпна раскажа ў
сацыяльных сетках з дапамогай відэасправаздач сваім равеснікам і ўсім, хто
цікавіцца беларускай культурай, пра тое, што засталося палачанам ад іх продкаў,
чым духоўна багата наша Полацкая зямля.
Зусім
невыпадкова новы цыкл падарожжаў вырашана было пачаць з вёскі Багатырская. Тут Надзейка
была ўжо не аднойчы і не па чутках ведае, якія неабыякавыя і апантаныя людзі ў
ёй жывуць. Менавіта у Багатырскай у першым сезоне праекта Марыя Міхайлаўна
Ракіцкая частавала яе цыбрыкамі і раўгеняй, тут жа у наступным годзе – Наталля
Абжыгайлава запрасіла ў сваю фітнэс-студыю і пазнаёміла з членамі сваёй творчай
сям’і.
З архіву праекта "Смачнае падарожжа Надзейкі" - "Галасы спадчыны" і Надзейка - 2018 год |
А зараз,
даведаўшыся пра тое, што зноў-такі ў Багатырскай амаль паўстагоддзя народны
фальклорны ансамбль “Галасы спадчыны” захоўвае спеўную традыцыю выканання
купальскіх і жніўных песень “у перахлёст”, унесеную ў мінулым годзе ў спіс
нематэрыяльных культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, Надзейка не магла
не завітаць да сваіх старых знаёмых.
Тым больш,
што супрацоўнікі філіяла 2 Багатырскага СДК запрасілі яе на прэзентацыю
этнаграфічнай экспазіцыі з асабістай калекцыі Веры Уладзіміраўны Пісюковай –
заснавальніцы ансамбля “Галасы спадчыны” і носьбіта спеўнай традыцыі “ў перахлёст”. Мерапрыемства
было запланавана з нагоды правядзення раённага агляду-конкурсу этнакуткоў “Свет
нашых продкаў” сярод сельскіх клубных устаноў Полацкага раёна, які на працягу
года ладзіць Полацкі РЦК.
Этнагарафічная
экспазіцыя ў Багатырскім СДК рупліва і з вялікай любоўю стваралася рукамі яго супрацоўнікаў
і асабліва загадчыкам філіяла Аленай Пятроўнай Лукавіцкай на працягу доўгага
часу. Пераступаючы парог, адразу адчуваеш подых цэлай эпохі: тут і печ з
разнастайнымі гаспадарчымі прыладамі – так званы бабін куток, калыска з
немаўляткам, стары стол, ложак, даматканыя дарожкі на падлозе, шматлікія сямейныя
фотаздымкі, прадметы побыту і творчыя узнагароды самой Веры Уладзіміраўны і яе “Галасоў”.
Вялікая
удача – Надзейцы пашчасціла асабіста пазнаёміцца з блізкімі Веры Уладзіміраўны.
Прыемна, што на прэзентацыю этнакутка змаглі завітаць яе сын Андрэй Нілавіч,
сястра Валянціна Уладзіміраўна, стрыечная сястра Зінаіда Сяргееўна, сяброўка
Кацярына Аляксандраўна.
Госці з задавальненнем дзяліліся з дзяўчынай цёплымі ўспамінамі з
жыцця сям’і Пісюковых. Напрыклад, Андрэй Нілавіч, якому ад маці і бабулі дастаўся
яскравы творчы запал і любоў да народнай песні, узгадаў, як заўсёды з’яўляўся
самым актыўным удзельнікам усіх яе пачынанняў, спяваў і танчыў побач з ёй на
розных канцэртных пляцоўках. Неаднойчы разам яны выступалі на Усебеларускім
фестывалі “Беларусь – мая песня”, у абласных святах Купалля на возеры Шо, стараліся
данесці фальклорную спадчыну Полаччыны да розных куточкаў нашай краіны.
Разглядаючы
фотаздымкі з сямейнага архіву, сястра расказала, з якім захапленнем зусім
дзяўчынкай Вера Уладзіміраўна вучылася іграць на гітары, як разам з маці яны займаліся
рукадзеллем. Усе паліцы, ложак былі ўпрыгожаны сурвэткамі і падузорнікамі (карункамі, якія здаўна размяшчалі па краях
прадметаў інтэр’еру у хаце). На экспазіцыі можна ўбачыць шмат рэчаў, прадметаў
хатняга тэкстылю вырабленых іх руплівымі жаночымі рукамі.
А потым
паліліся мілагучныя спевы “ў перахлёст”. Народны фальклорны ансамбль “Галасы
спадчыны”, якім зараз паспяяхова кіруе Таццяна Сцяпанаўна Стараннік,
падрыхтаваў прэзентацыю разам з узорным дзіцячым фальклорным ансамблем
“Лецейка” (кіраўнік Галіна Дзмітрыеўна Мялешка). Калектывы выканалі творы, якія
трапілі ў іх рэпертуар дзякуючы менавіта Пісюковай В.У.
У 2015 годзе
Вера Уладзіміраўна пайшла з жыцця, на фальклорным небасхіле Полаччыны пагасла найярчэйшая
зорка, але песня яе не змоўкла і памяць жыве ў сэрцах аднасяльчан. І ўжо новае
пакаленне пераймае полацкую спадчыну.
Комментариев нет:
Отправить комментарий