Фольк-арт-уікэнд “Калядны разгуляй” сабраў 12 студзеня 2020 года ў вёсцы Багатырская лепшых калядоўшчыкаў з розных куткоў Полацкага раёна. 10 самых яркіх гуртоў не пабаяліся
прадэманстраваць свае здольнасці, і галоўнае – калядныя традыцыі сваёй мясцовасці
на творчым рынгу “Дзівосы на Каляды”.
Яны спявалі, танчылі, вадзілі карагоды,
гулялі ў народныя гульні, ладзілі флэшмобы і, вядома ж, калядавалі. Спачатку,
як рабілі ў даўніну нашыя продкі, парад-карнавал удзельнікаў свята прайшоўся па
дварах вёсцы. Узначальвалі яго вопытныя мясцовыя калядоўшчыкі – народны фальклорны
ансамбль “Галасы спадчыны” (кіраўнік Т. С. Стараннік) і не менш вопытныя госці
з Блізніцы – фальклорны калектыў “Блізнянка” на чале з Вольгай Чобат. У кожнай хаце пераапранутых у коз, мядзведзяў
і іншых істот гасцей сустракалі пачастункамі і добрымі словамі.
На галоўнай пляцоўцы разгарнулася вясёлае гулянне. Народны ансамбль песні
“Млын” філіяла 3 Ветрынскага гпДк задаваў добры настрой. Творчы калектыў
філіяла 2 Багатырскага СДК арганізаваў гульнёвы блок: бой мяшкамі для Механош і
“скальзуны” для самых спрытных, а таксама пачаставаў усіх смачнай каляднай
кашай.
Калектыў Полацкага раённага Цэнтра культуры падрыхтаваў конкурсную
праграму, у якой гаспадары свята-багатырцы атрымалі першынство ў конкурсе
касцюмаў калядных персанажаў “Калядны гардэроб”, самы арыгінальна аформлены
валёнак на свята прывезла фарынава-руднянская каманда. Самую лепшую прэзентацыю
калядных звычаяў свайго рэгіёна ў сцэнічным варыянце прадэманстравала каманда з
аграгарадка Кушлікі.
Свята было арганізавана пры падтрымцы аддзела культуры Полацкага
райвыканкама і прайшло ў вёсцы Багатырская ў чацвёрты раз.
Комментариев нет:
Отправить комментарий