воскресенье, 24 ноября 2019 г.

Этнафэст "Жывая даўніна" ўпершыню адбыўся ў Полацкім раёне


24 лістапада ў Полацкім раённым Цэнтры культуры ўпершыню адбыўся раённы этнафэст “Жывая даўніна” ў рамках Года малой радзімы, які прайшоў пры падтрымцы аддзелаў культуры, ідэалагічнай работы і па справах моладзі Полацкага райвыканкама, ПРА Беларускі прафсаюз работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму, ПРА ГА “БРСМ”, УВП “Полацкі малочны камбінат”.
Этнафэст стаў сапраўдным святам беларускай традыцыйнай культуры і сямейнага дабрабыту. На першым паверсе гасцей сустракалі легенды “Полацкай Гранд-батлейцы”, на другім – разгарнулася выніковае мерапрыемства праекта “Цікавае падарожжа Надзейкі. Малая радзіма пачынаецца з сям’і”, а ў глядацкай зале можна было падтрымаць удзельнікаў турніру народных танцаў.

Падрабязнасці “Цікавых падарожжаў Надзейкі” па Полацкім раёне  ўвайшлі ў зборнік, які быў прэзентаваны падчас этнафэста. Сем’і-ўдзельнікі праекта з Экіманскага, Фарынаўскага, Ветрынскага, Палатоўскага, Баравухскага, Зялёнкаўскага, Саланіцкага, Гаранскага сельсаветаў падрыхтавалі выставу-дэгустацыю аўтэнтычнай кухні “Дзіўны смак сямейных страў”.




У турніры народных танцаў прынялі ўдзел 22 пары з Полацку, Полацкага і Віцебскага раёнаў. Яны спрачаліся ў майстэрстве выканання такіх танцаў, як кракавяк, лысы і падэспань.

Падрыхтавалі цікавыя майстар-класы і прапанавалі гледачам адправіцца ў фольк-вандроўку калектывы-госці:
- фальклорны гурт “Варган” ДУ “Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт” (кір. В. Емяльянчык),

- народны гурт архаічных спеваў “Княжыч” Цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры г. Наваполацка (кіраўнік Васіленка К.),

- аматарскае фальклорнае аб’яднанне “Жывая спадчына” ДУК “Віцебскі раённы цэртр культуры і творчасці” (кір. М.Яско).

Народны фальклорны калектыў “Галасы спадчыны” Багатырскага СДК (кір. Стараннік Т.) акрамя танцавальнага майстар-класу прадэманстраваў спеўную традыцыю выканання жніўных і купальскіх песень “у перахлёст”, якой у 2019 г. нададзены статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.

Фальклорны ансамбль “Блізнянка” Сільніцкага СДК (кір. Аўласенка В.) прапанаваў урывак абрадавай дзеі свята народнага календара Юр’е.
Бясспрэчнымі пераможцамі турніру танцаў сталі Палякоў Станіслаў і Прызба Ксенія з Віцебскага раёна, другое месца падзялілі дзве пары: Парфененка Дар’я, Кірпічонак Арцём з в. Азіна і Стараннік Таццяна, Ранат Хабібулін з в. Багатырская. На трэцім месцы аказаліся Мароз Алена, Худобкін Андрэй з Зялёнкі і Нахаенка Аляксей, Дыкленка Карына з Віцебскага раёна. Спецыяльным прызам адзначана самая юная пара ўдзельнікаў: Крымоўскі Сяргей і Ігнацьева Аліна з аг. Рудня.

Арганізатары выражаюць падзяку ўсім удзельнікам этнафеста “Жывая даўніна”: сем’ям Катаржэўскіх, Абжыгайлавых, Шульга, Люцько, Мурашка, Скараходавых, Цяцера, дынастыі Якаўлевых-Тофаравых; партнёрам і спонсарам мерапрыемства; фальклорным калектывам “Варган”, “Княжыч”, “Жывая спадчына”, творчым калектывам сельскіх клубных устаноў і ўсім, хто аказваў падтрымку і дапамогу падчас падрыхтоўкі і правядзення этнафэсту.


понедельник, 11 ноября 2019 г.

Полацкі раён запрашае на этнафест


24 лістапада ў 12.00 Полацкі раённы Цэнтр культуры (вул. Свярдлова, 18а) запрашае на раённы этнафэст “Жывая даўніна” ў рамках Года малой радзімы.
Падчас правядзення этнафэсту “Жывая даўніна” адбудуцца:
1.            Выніковае мерапрыемства праекта ”Цікавае падарожжа Надзейкі. Малая радзіма пачынаецца з сям’і” з выставай-дэгустацыяй аўтэнтычнай кухні “Дзіўны смак сямейных страў”.
У 2018 годзе ДУК “Полацкі раённы Цэнтр культуры” паспяхова рэалізоўваў праект па адраджэнні аўтэнтычнай кухні нашага рэгіёну “Смачнае падарожжа Надзейкі”. Было здзейснена 8 паездак, адноўлены 14 рэдкіх рэцэптаў, зняты відэасюжэты разам з ТК “Скіф-Полацк” і выдадзены зборнік з кулінарнымі нататкамі паводле прыгод гарадской дзяўчыны. Праект быў адзначаны дыпломам ІІ Рэспубліканскага конкурсу даследчых работ пад дэвізам “Адвечнае”, дыпломам ІІ ступені ў намінацыі “Тэматычная праграма” Рэспубліканскага адкрытага конкурсу аматарскіх фільмаў імя Ю.Тарыча “Я снимаю кино“, дыпломам конкурсу аматарскіх турыстычных фільмаў “Путешествуем по Синеокой” у намінацыі “За захаванне народных традыцый”. Прэзентацыйная пляцоўка праекта з дэгустацыяй страў працавала на Рэспубліканскім свяце “Купалле” на малой радзіме беларускага прэзідэнта ў аг. Александрыя. У 2019 годзе праект набыў новае гучанне. Гарадская дзяўчына Надзея працягвае вандраваць па Полацкім раёне. Але не толькі з мэтай збору мясцовых аўтэнтычных рэцэптаў. Разынкай другога сезону стаў упор на сямейныя каштоўнасці і традыцыі. Таму і назва саміх вандровак істотна змянілася – цяпер гэта цыклічны праект “Малая радзіма пачынаецца з сям’і” ў рамках праекта “Цікавае падарожжа Надзейкі”.
У праекце прынялі ўдзел 8 сем’яў з розных куточкаў Полаччыны. Падрабязнасці вандровак можна ўбачыць у відэасюжэтах і фотасправаздачах у тэматычных групах “Цікавае падарожжа Надзейкі” ў сацыяльных сетках “Вконтакте” і “Одноклассники”:
https://vk.com/public161328198
https://ok.ru/smachnaepa
А таксама ў Інтэрнэт-блогу “З народнай скарбонкі Полаччыны”:
https://z-narodnai-skarbonki-polatciny2018.blogspot.com/
Праект атрымаў актыўную падтрымку сродкаў масавай інфармацыі. Прыгодам гарадской дзяўчыны быў прысвечаны відэасюжэт тэлепраграмы “Полацк. Дзе пачынаецца краіна” ТРК “Віцебск”; чытачы рэгулярна даведваліся пра актуальныя навіны праекта са старонак газет “Полацкі веснік”, “Віцебскія весткі”, “Віцьбічы”, “Сельская газета”.
У рамках этнафэсту пройдзе ўшанаванне сямей, прыняўшых удзел у праекце “Цікавае падарожжа Надзейкі. Малая радзіма пачынаецца з сям’і”, а таксама прэзентацыя новага зборніка. Для ўдзелу запрашаюцца 8 сямей з Экіманскага, Фарынаўскага, Ветрынскага, Палатоўскага, Баравухскага, Зялёнкаўскага, Саланіцкага, Гаранскага сельсаветаў.
2.            Адкрыты турнір народных побытавых танцаў “Танцуем па-даўнейшаму” з удзелам танцавальных пар сельскіх клубных устаноў.
3.            Майстар-клас “Па сцяжынках спадчыны” ад народнага фальклорнага ансамбля “Галасы спадчыны” Багатырскага СДК з дэманстрацыяй спеўнай традыцыі выканання жніўных і купальскіх песень “у перахлёст”.
4.            Фольк-вандроўка ”Свет нашых продкаў” з удзелам фальклорных калектываў і выканаўцаў Полацкага, Віцебскага раёнаў, гарадоў Полацк і Наваполацк.
5.            Арт-пляцоўка “Полацкая Гранд-батлейка”.
Чакаем усіх аматараў беларускай традыцыйнай культуры!
Уваход вольны!