вторник, 26 февраля 2019 г.

У цікавае падарожжа па Полацкім раёне разам з Надзейкай

У мінулым годзе Полацкі раённы Цэнтр культуры паспяхова рэалізоўваў праект па адраджэнні аўтэнтычнай кухні нашага рэгіёну “Смачнае падарожжа Надзейкі”. Было здзейснена 8 паездак, адноўлена 14 рэдкіх рэцэптаў, зняты відэасюжэты разам з ТК “Скіф-Полацк” і выдадзены зборнік з кулінарнымі нататкамі паводле прыгод гарадской дзяўчыны. Праект быў адзначаны дыпломам ІІ Рэспубліканскага конкурсу даследчых работ пад дэвізам “Адвечнае”, дыпломам ІІ ступені ў намінацыі “Тэматычная праграма” Рэспубліканскага адкрытага конкурсу аматарскіх фільмаў імя Ю. Тарыча “Я снимаю кино“, дыпломам конкурсу аматарскіх турыстычных фільмаў “Путешествуем по Синеокой” у намінацыі “За захаванне народных традыцый”. Прэзентацыйная пляцоўка праекта з дэгустацыяй страў працавала на Рэспубліканскім свяце “Купалле” на малой радзіме беларускага прэзідэнта ў аг. Александрыя. За прыгодамі Надзейкі сачылі мясцовыя, абласныя і рэспубліканскія сродкі масавай інфармацыі: Беларускае тэлеграфнае агенцтва, тэлеканалы “Беларусь 1”, “СТВ”, газеты “Віцебскія весткі”, “СБ”, “Сельская газета” і, канешне ж, “Полацкі веснік”.
У 2019 годзе праект набывае новае гучанне. Гарадская дзяўчына Надзея па-ранейшаму плануе вандраваць па Полацкім раёне. Але не толькі з мэтай збору мясцовых аўтэнтычных рэцэптаў. Асаблівасцю і новаўвядзеннем гэтага сезону стане ўпор на сямейныя каштоўнасці і традыцыі. Таму і назва саміх вандровак істотна змянілася – цяпер гэта цыклічны праект “Малая радзіма пачынаецца з сям’і” ў рамках праекта “Цікавае падарожжа Надзейкі”.
Першае мерапрыемства ўжо адбылося 24 лютага ў аграгарадку Палата, дзе жыве актыўная і дружная сям’я Катаржэўскіх. Акрамя працоўнай, гаспадарчай і творчай дзейнасці, яе старэйшыя мужчыны захапляюцца паляўніцтвам, а астатнія члены сям’і ўсяляк падтрымліваюць гэта хобі. Любоў да яго перадаецца ў сям’і Катаржэўскіх з пакалення ў пакаленне.

Глава сям’і Васіль Пятровіч пераехаў у Палату ў 1983г., там 27 гадоў займаў пасаду старшыні сельвыканкама. Яго жонка Наталля Андрэеўна – выдатнік асветы Беларусі, настаўнік з 44-гадовым стажам. Побач яны ўжо 41 год, а пазнаёміліся яшчэ ў школе. Разам вырасцілі сына Васіля і дачку Святлану – паважаных і годных працаўнікоў і жыхароў аграгарадка Палата. Цяпер гадуюць унукаў.

З дзяцінства Васіль Пятровіч сур’ёзна захапляўся лёгкай атлетыкай, лыжнымі гонкамі і нават атрымаў званне кандыдата ў майстры спорта.
Дарэчы кажучы, унучка Васіля Пятровіча, шаснаццацігадовая Аляксандра, падзяляе спартыўныя прыхільнасці свайго дзеда і з’яўляецца пятай ў Рэспубліцы па тэхніцы пешаходнага турызму. З нядаўніх яе дасягненняў: на трэцім этапе Кубка Віцебскай вобласці па тэхніцы пешаходнага турызму ў закрытых памяшканнях заняла трэцяе месца ў старэйшай групе. Меншы ўнук Ілля яшчэ не абраў спартыўны накірунак, ён толькі збіраецца ў першы клас, але любіць фізкультуру, а таксама дапамагаць дзядулю па гаспадарцы.
Прыезд гарадской дзяўчыны Надзейкі Катаржэўскія чакалі з хваляваннем. Але як толькі першае знаёмства адбылося, і ўсе сабраліся за вялікім сталом, ад трывогі не засталося ніякага сляда, палілася цікавая гутарка з настальгічнымі ўспамінамі.
Нарэшце Васіль Пятровіч завёў размову пра паляўніцтва – вельмі ж ён любіў у маладосці гэтую справу. У загон ён хадзіў са сваім бацькам з малку, а потым і свайго сына прывучыў і ўнучку. Аляксандра сцвярджае, што першы раз на паляванне трапіла, калі ёй быў месяц, сама яна гэтага, канешне ж, не памятае, але як доказ, у сямейным архіве засталіся фотаздымкі. Гісторый з палявання ў Катаржэўскіх шмат: і вясёлых, і зусім наадварот. З аднаго такога паходу ў лес Васіль Пятровіч прынёс вялізныя ласіныя рогі. “Ласі скідваюць рогі, знайсці іх – вялізная ўдача, а мне вось пашчасціла на іх трапіць. Вельмі важкія аказаліся, тры кіламетры іх ледзь дацягнуў дадому”, – дзеліцца прыемнымі ўспамінамі гаспадар. Цяпер гэты трафей красуецца на самым відным месцы, як напамін пра дарагое сэрцу хобі.
Ды і любімы сямейны пачастунак таксама мае прамое дачыненне да палявання. Гэта шурпа – паляўнічы суп. Васіль Пятровіч гатуе яго самастойна ўжо гадоў 15 – 20 па значных выпадках і для самых дарагіх гасцей. Вось і для Надзейкі прыгатаваў. Галоўны інгрыдыент – гэта, канешне ж, дзічына. Яе трэба добра выварыць, каб мяса стала мяккім, а булён наварыстым. Затым дадаць бульбу, моркву, цыбулю – ўсё вялікімі кавалкамі. Ну, а напаследак, асабістая затаўка – сумесь прыпраў на ўласны густ: соль, перац і лаўровы ліст абавязкова, а далей можна і паімправізаваць. Галоўнае – сапраўдная шурпа атрымліваецца толькі, калі яе гатуюць на адкрытым вогнішчы. А яшчэ Васіль Пятровіч сцвярджае, што яе павінен абавязкова гатаваць мужчына – не трывае шурпа жаночых рук.

Нажаль, зараз у сілу свайго ўзросту і па стане здароўя глава сям’і Катаржэўскіх ужо не займаецца паляўніцтвам. Але без справы на пенсіі не застаецца – сур’ёзна займаецца пчалярствам.
Разам з сынам яны завялі пчол, самастойна зрабілі вуллі і рамкі. Мёда цяпер хапае на ўсю вялікую сям’ю. Адным словам, майстры на ўсе рукі. Працаздольнасць, як і любоў да паляўніцтва, Катаржэўскія атрымліваюць па спадчыне. Аб гэтым сведчаць і драўляныя рэчы: калаўрот, маслабойка, фуганак, зробленыя рукамі продка Пятра Кандрацьевіча, і беражліва захаваныя да цяперашняга часу, і нават у добрым працоўным стане.

Першае мерапрыемства праекта атрымалася вельмі змястоўным, цяжка перадаць усё толькі ў артыкуле. Таму пра падрабязнасці “Цікавага падарожжа Надзейкі” ў аг. Палата чытачы ўжо могуць даведацца з відэасюжэта Полацкага РЦК на тэматычных старонках соцсетак “ВКонтакте” і “Одноклассники”, на відэахосцінгу «YouTube» і ў нашым блогу таксама. У сакавіку Надзейка плануе новую вандроўку ў адзін з куточкаў Полацкага раёна. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя…

суббота, 23 февраля 2019 г.

"Галасы спадчыны" на тыдні роднай мовы

Народны фальклорны калектыў "ГАЛАСЫ СПАДЧЫНЫ" Багатырскага СДК (кіраўнік Т.С. Стараннік) прынялі ўдзел у тыдні роднай мовы, які праходзіў у сярэдняй школе № 10 імя В.М. Азіна г. Полацка.


Маладое пакаленне з цікавасцю дакранулася да народнай спадчыны, якую ўжо больш за 46 год захоўвае калектыў. 

Удзельнікі праспявалі некалькі песень ва ўнікальнай манеры выканання "спевы ўперахлёст", а таксама падрыхтавалі майстар-клас па беларускіх побытавых танцах.



среда, 20 февраля 2019 г.

Цікавае падарожжа Надзейкі: малая радзіма пачынаецца з сям'і

У 2019 годзе Полацкі раённы Цэнтр культуры працягвае рэалізацыю праекта “Смачнае падарожжа Надзейкі”. 
Гарадская дзяўчына Надзея па-ранейшаму плануе вандраваць па Полацкім раёне з мэтай збору мясцовых аўтэнтычных кулінарных рэцэптаў.
Але асаблівасцю і новаўвядзеннем гэтага сезону стане ўпор на сямейныя каштоўнасці і традыцыі. Таму і назва саміх вандровак істотна змянілася – цяпер гэта цыклічны праект “Малая радзіма пачынаецца з сям’і” ў рамках праекта “Цікавае падарожжа Надзейкі”. 

Першае мерапрыемства адбудзецца 24 лютага ў аграгарадку Палата, дзе жыве актыўная і неардынарная сям’я Катаржэўскіх. Акрамя працоўнай, гаспадарчай і творчай дзейнасці, яе старэйшыя мужчыны захапляюцца паляўніцтвам, а астатнія члены сям’і ўсяляк падтрымліваюць гэта хобі. Любоў да яго перадаецца ў сям’і Катаржэўскіх з пакалення ў пакаленне. Пра цікавы актыўны адпачынак, а таксама пра незвычайную сямейную страву – паляўнічы суп пад назвай шурпа, Надзейка падрабязна распытае сям’ю Катаржэўскіх, а потым падрыхтуе відэасправаздачу не толькі з падрабязным кулінарным рэцэптам, а магчыма, і рэцэптам сямейнага шчасця. Сачыце за “Цікавымі падарожжамі Надзейкі” на нашых тэматычных старонках соцсетак ВКонтакте і Одноклассники.