вторник, 26 февраля 2019 г.

У цікавае падарожжа па Полацкім раёне разам з Надзейкай

У мінулым годзе Полацкі раённы Цэнтр культуры паспяхова рэалізоўваў праект па адраджэнні аўтэнтычнай кухні нашага рэгіёну “Смачнае падарожжа Надзейкі”. Было здзейснена 8 паездак, адноўлена 14 рэдкіх рэцэптаў, зняты відэасюжэты разам з ТК “Скіф-Полацк” і выдадзены зборнік з кулінарнымі нататкамі паводле прыгод гарадской дзяўчыны. Праект быў адзначаны дыпломам ІІ Рэспубліканскага конкурсу даследчых работ пад дэвізам “Адвечнае”, дыпломам ІІ ступені ў намінацыі “Тэматычная праграма” Рэспубліканскага адкрытага конкурсу аматарскіх фільмаў імя Ю. Тарыча “Я снимаю кино“, дыпломам конкурсу аматарскіх турыстычных фільмаў “Путешествуем по Синеокой” у намінацыі “За захаванне народных традыцый”. Прэзентацыйная пляцоўка праекта з дэгустацыяй страў працавала на Рэспубліканскім свяце “Купалле” на малой радзіме беларускага прэзідэнта ў аг. Александрыя. За прыгодамі Надзейкі сачылі мясцовыя, абласныя і рэспубліканскія сродкі масавай інфармацыі: Беларускае тэлеграфнае агенцтва, тэлеканалы “Беларусь 1”, “СТВ”, газеты “Віцебскія весткі”, “СБ”, “Сельская газета” і, канешне ж, “Полацкі веснік”.
У 2019 годзе праект набывае новае гучанне. Гарадская дзяўчына Надзея па-ранейшаму плануе вандраваць па Полацкім раёне. Але не толькі з мэтай збору мясцовых аўтэнтычных рэцэптаў. Асаблівасцю і новаўвядзеннем гэтага сезону стане ўпор на сямейныя каштоўнасці і традыцыі. Таму і назва саміх вандровак істотна змянілася – цяпер гэта цыклічны праект “Малая радзіма пачынаецца з сям’і” ў рамках праекта “Цікавае падарожжа Надзейкі”.
Першае мерапрыемства ўжо адбылося 24 лютага ў аграгарадку Палата, дзе жыве актыўная і дружная сям’я Катаржэўскіх. Акрамя працоўнай, гаспадарчай і творчай дзейнасці, яе старэйшыя мужчыны захапляюцца паляўніцтвам, а астатнія члены сям’і ўсяляк падтрымліваюць гэта хобі. Любоў да яго перадаецца ў сям’і Катаржэўскіх з пакалення ў пакаленне.

Глава сям’і Васіль Пятровіч пераехаў у Палату ў 1983г., там 27 гадоў займаў пасаду старшыні сельвыканкама. Яго жонка Наталля Андрэеўна – выдатнік асветы Беларусі, настаўнік з 44-гадовым стажам. Побач яны ўжо 41 год, а пазнаёміліся яшчэ ў школе. Разам вырасцілі сына Васіля і дачку Святлану – паважаных і годных працаўнікоў і жыхароў аграгарадка Палата. Цяпер гадуюць унукаў.

З дзяцінства Васіль Пятровіч сур’ёзна захапляўся лёгкай атлетыкай, лыжнымі гонкамі і нават атрымаў званне кандыдата ў майстры спорта.
Дарэчы кажучы, унучка Васіля Пятровіча, шаснаццацігадовая Аляксандра, падзяляе спартыўныя прыхільнасці свайго дзеда і з’яўляецца пятай ў Рэспубліцы па тэхніцы пешаходнага турызму. З нядаўніх яе дасягненняў: на трэцім этапе Кубка Віцебскай вобласці па тэхніцы пешаходнага турызму ў закрытых памяшканнях заняла трэцяе месца ў старэйшай групе. Меншы ўнук Ілля яшчэ не абраў спартыўны накірунак, ён толькі збіраецца ў першы клас, але любіць фізкультуру, а таксама дапамагаць дзядулю па гаспадарцы.
Прыезд гарадской дзяўчыны Надзейкі Катаржэўскія чакалі з хваляваннем. Але як толькі першае знаёмства адбылося, і ўсе сабраліся за вялікім сталом, ад трывогі не засталося ніякага сляда, палілася цікавая гутарка з настальгічнымі ўспамінамі.
Нарэшце Васіль Пятровіч завёў размову пра паляўніцтва – вельмі ж ён любіў у маладосці гэтую справу. У загон ён хадзіў са сваім бацькам з малку, а потым і свайго сына прывучыў і ўнучку. Аляксандра сцвярджае, што першы раз на паляванне трапіла, калі ёй быў месяц, сама яна гэтага, канешне ж, не памятае, але як доказ, у сямейным архіве засталіся фотаздымкі. Гісторый з палявання ў Катаржэўскіх шмат: і вясёлых, і зусім наадварот. З аднаго такога паходу ў лес Васіль Пятровіч прынёс вялізныя ласіныя рогі. “Ласі скідваюць рогі, знайсці іх – вялізная ўдача, а мне вось пашчасціла на іх трапіць. Вельмі важкія аказаліся, тры кіламетры іх ледзь дацягнуў дадому”, – дзеліцца прыемнымі ўспамінамі гаспадар. Цяпер гэты трафей красуецца на самым відным месцы, як напамін пра дарагое сэрцу хобі.
Ды і любімы сямейны пачастунак таксама мае прамое дачыненне да палявання. Гэта шурпа – паляўнічы суп. Васіль Пятровіч гатуе яго самастойна ўжо гадоў 15 – 20 па значных выпадках і для самых дарагіх гасцей. Вось і для Надзейкі прыгатаваў. Галоўны інгрыдыент – гэта, канешне ж, дзічына. Яе трэба добра выварыць, каб мяса стала мяккім, а булён наварыстым. Затым дадаць бульбу, моркву, цыбулю – ўсё вялікімі кавалкамі. Ну, а напаследак, асабістая затаўка – сумесь прыпраў на ўласны густ: соль, перац і лаўровы ліст абавязкова, а далей можна і паімправізаваць. Галоўнае – сапраўдная шурпа атрымліваецца толькі, калі яе гатуюць на адкрытым вогнішчы. А яшчэ Васіль Пятровіч сцвярджае, што яе павінен абавязкова гатаваць мужчына – не трывае шурпа жаночых рук.

Нажаль, зараз у сілу свайго ўзросту і па стане здароўя глава сям’і Катаржэўскіх ужо не займаецца паляўніцтвам. Але без справы на пенсіі не застаецца – сур’ёзна займаецца пчалярствам.
Разам з сынам яны завялі пчол, самастойна зрабілі вуллі і рамкі. Мёда цяпер хапае на ўсю вялікую сям’ю. Адным словам, майстры на ўсе рукі. Працаздольнасць, як і любоў да паляўніцтва, Катаржэўскія атрымліваюць па спадчыне. Аб гэтым сведчаць і драўляныя рэчы: калаўрот, маслабойка, фуганак, зробленыя рукамі продка Пятра Кандрацьевіча, і беражліва захаваныя да цяперашняга часу, і нават у добрым працоўным стане.

Першае мерапрыемства праекта атрымалася вельмі змястоўным, цяжка перадаць усё толькі ў артыкуле. Таму пра падрабязнасці “Цікавага падарожжа Надзейкі” ў аг. Палата чытачы ўжо могуць даведацца з відэасюжэта Полацкага РЦК на тэматычных старонках соцсетак “ВКонтакте” і “Одноклассники”, на відэахосцінгу «YouTube» і ў нашым блогу таксама. У сакавіку Надзейка плануе новую вандроўку ў адзін з куточкаў Полацкага раёна. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя…

Комментариев нет:

Отправить комментарий