У век
тэхнічнага прагрэсу камп’ютэры, смартфоны і іншыя гаджэты становяцца ўсё больш папулярнымі.
Мы пастаянна карыстаемся электроннай поштай, пішам СМСкі адзін аднаму, замест
эмоцый ставім смайлікі, Інтэрнэт-зносіны замяняюць рэальныя. Сучасны чалавек куды
радзей выкарыстоўвае ручкі, алоўкі, звычайную паперу для выражэння думак. Не
выключана, што праз нейкі час мы проста забудзем, як пісаць паштоўкі і лісты ад
рукі. А тым больш на беларускай мове.
А ці ведаеце
вы, што існуе Дзень ручнога пісьма альбо почырку, які адзначаецца ва ўсім свеце
23 студзеня? Акрамя таго, у 2019 годзе спаўняецца 100 год са дня ўтварэння
Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. БССР – гэта цэлая эпоха ў нашай
гісторыі, яна стала падмуркам для стварэння сучаснай беларускай дзяржаўнасці.
З гэтай
нагоды, творчыя работнікі Полацкага раённага Цэнтра культуры вырашылі
прысвяціць цэлы дзень не толькі ручному пісьму, а беларускай мове ўвогуле.
Кожны, хто
трапляў на парог Цэнтра культуры абавязкова і нават мімаволі пачынаў гаварыць
па-беларуску. Ветлівыя дзяўчаты ў бела-блакітных сукенках прапанавалі запоўніць
анкету з тэматычнымі пытаннямі, мацавалі эмблему “Размаўляем па-беларуску” і
ўручалі картку з літарай і адметным словам.
Напрыканцы
працоўнага дня наступаў самы цікавы момант. Творчая група, у складзе мастацкага
кіраўніка Алены Кабяковай, метадыста Надзеі Зайцавай і кіраўніка народнага
клуба Кацярыны Квашніной, прааналізавала анкеты і падрыхтавала цікавае
тэматычнае мерапрыемства. На ім былі ўзгаданы лепшыя беларускія пісьменнікі і
паэты, прагучалі любімыя беларускія песні і вершы.
А далей быў
невялічкі экскурс па найлюбімейшых святах беларусаў. Зусім нядзіўна, што сярод іх
аказаліся Купалле і Каляды. Дзяўчаты прапанавалі ўсім прысутным узгадаць лета і
закружыцца ў купальскім карагодзе.
А пасля пакалядаваць разам з вясёлай козачкай.
Далучыўся да
Дня беларускай мовы і ансамбль народных інструментаў Полацкага РЦК. Музыкі
выканалі лепшыя беларускія інструментальныя творы ў сучаснай апрацоўцы.
Дзень
беларускай мовы наблізіўся да завяршэння, але любоў да роднай мовы ніколі не
павінна заканчвацца. Наша мова павінна жыць у вершах, мілагучных песнях, на
паперы, у друку, у простых размовах на вуліцы, а галоўнае, у сэрцы кожнага
беларуса.
Комментариев нет:
Отправить комментарий