Падведзены вынікі раённага агляду-конкурсу этнаграфічных куткоў "Свет нашых продкаў"
З лютага па верасень 2020 года Полацкім раённым Цэнтрам культуры паспяхова быў рэалізаваны раённы агляд-конкурс этнаграфічных куткоў "Свет нашых продкаў", у якім прынялі ўдзел усе 18 клубных ўстаноў раёна. Культработнікамі была праведзена карпатлівая праца па выяўленні старадаўніх прадметаў побыту, прылад працы, рамёстваў, дэкаратыўна-прыкладной творчасці і іншых этнаграфічных матэрыялаў. Вынікам стала стварэнне ва ўсіх клубных установах этнаграфічных куткоў, а ў некаторых – паўнавартасных этнаграфічных экспазіцый.
Прэзентацыя этнаграфічнай экспазіцыі з асабістай калекцыі Веры Уладзіміраўны Пісюковай у філіяле 2 Багатырскім СДК
Першай і ўзорнай для ўсіх астатніх стала прэзентацыя этнаграфічнай экспазіцыі з асабістай калекцыі Веры Уладзіміраўны Пісюковай (заснавальніцы ансамбля “Галасы спадчыны” і носьбіта спеўнай традыцыі выканання купальскіх і жніўных песень “у перахлёст”, унесенай ў мінулым годзе ў спіс нематэрыяльных культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь), створанай творчымі работнікамі філіяла 2 Багатырскага СДК на чале з яго загадчыкам Лукавіцкай Аленай Пятроўнай.
Этнакуток-пераможца знаходзіцца ў філіяле 9 Зялёнкаўскім СДК
У пачатку кастрычніка прагляд этнакуткоў быў завершаны, прааналізаваўшы і абмеркаваўшы вынікі агляду-конкурсу, журы аднагалосна прызнала пераможцам філіял 9 Зялёнкаўскі СДК. Трэба з упэўненнасцю адзначыць, што наведыўшы гэтую найцікавейшую экспазіцыю, нават самы крытычна настроены госць, будзь то малады чалавек альбо прадстаўнік больш сталага пакалення, застанецца пад вялікім уражаннем. Экспанаты зялёнкаўскага этнакутка і іх змястоўная прэзентацыя з майстарскі ўплеценымі ў яе тэатралізаванымі мініяцюрамі з вясковага жыцця падрыхтаваны такім чынам, што дазваляюць у поўнай меры акунуцца ў няпросты быт беларускага селяніна канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя. Гаспадарчыя прылады працы, паўсядзённыя побытавыя рэчы, прадметы адзення і аповяд пра іх вельмі тонка згрупіраваныя ў асобныя тэматычныя блокі: “У глыбінях зямлі нашых душ карані”, “Ад сяўбы да каравая”, “Шчырая праца – мазалёвая”, “Культура продкаў”, “Беларускі арнамент”… У трох невялічкіх закуточках свайго Дома культуры калектыў Зялёнкаўскага СДК на чале з загадчыкам Фурс Аленай Мікалаеўнай вельмі ўдала змог размясціць нямалы этнаграфічны пласт беларускай традыцыйнай культуры.
У тэатралізаваным адкрыцці этнакутка прынялі ўдзел народны тэатр мініяцюр “Веснік”, народнае аматарскае аб’яднанне “Сустрэча з цудоўным”, жаночая вакальная група, дзіцячы тэатральны калектыў “Валошкі”.
Дыпломамі II ступені ўзнагароджаны філіял 10 Кушлікоўскі СДК і філіял 1 Азінскі СДК, узнагароду III ступені атрымалі філіял 15 Палатоўскі СДК і філіял 17 Сільніцкі СДК.
Кіраўнік фальклорнага калектыву "Палатоўскія весялушкі" Лідзія Батура прэзентуе этнакуток у філіяле 15 Палатоўскім СДК
Культарганізатар філіяла 17 Сільніцкага СДК Вольга Чобат распавядае пра экспанаты
Згодна з Палажэннем агляду-конкурсу, акрамя прызавых месцаў былі прысуджаны намінацыі: - у намінацыі “За захаванне духоўнага вопыту продкаў, далучэнне да гістарычнага культурнага багацця рэгіёну” лепшым стаў філіял 4 Вароніцкі сельскі клуб;
Загадчык філіяла 4 Вароніцкага сельскага клуба Таццяна Кужалева гасцінна запрашае ў свой этнакуток
- у намінацыі “Традыцыі ў гісторыі роднага краю” – філіял 14 Астроўшчынскі СДК;
На прэзентацыі этнакутка ў філіяле 14 Астроўшчынскім СДК
- у намінацыі “Арыгінальная ідэя і творчае рашэнне” – філіял 6 Гаранскі СДК;
"Дзявоцкі этнакуток" у філіяле 6 Гаранскім СДК
- у намінацыі “Малой радзімы любы куток” – Нацкі сельскі клуб і Фарынаўскі Цэнтр культуры і вольнага часу.
Прэзентацыя этнакутка ў філіяле 12 Нацкім сельскім клубе
Этнакуток у філіяле 18 Фарынаўскім Цэнтры культуры і вольнага часу
Запрашаем наведаць этнаграфічныя экспазіцыі сельскіх клубных ўстаноў культуры Полацкага раёна і дакрануцца да паўсядзённага жыцця і традыцый нашых продкаў-беларусаў.
Комментариев нет:
Отправить комментарий