четверг, 30 июля 2020 г.

Зажынкі на Полаччыне - 2020

Полаччына адсвяткавала Зажынкі!

Сёння гаспадарка СУП “Полацк-Мілк” шчыра прымала гасцей з усяго раёна: кіраўніцтва, спецыялістаў ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні, дырэктароў сельгаспрадпрыемстваў, камбайнераў, вадзіцеляў. Творчы каллектыў ДУК “Полацкі раённы Цэнтр культуры” разгарнуў тут свята першага снапа “Зажынкі на Полаччыне”.

Айцец Дзмітрый асвяціў добрую справу хлебаробаў малітвай. 
Народны фальклорны ансамбль “Галасы спадчыны” і ансамбль “Блізнянка” зладзілі абрад “Гаварыла ядраное жыта”. 

Урачыста распачаў жніво старшыня Полацкага райвыканкама Марковіч Ігар Іванавіч: павязаўшы на пояс перавясла і узяўшы касу ў рукі, ён зрабіў першы пракос. Затым абмалаціў цэпам першае зерне, з якога быў зроблены абярэг, сімвал добрага намалота – лялька-зернавушка.
Тры разы падкінуў Ігар Іванавіч сноп новага ўраджаю высока ў неба з пажаданнямі выдатнага жніва.



Канцэртная праграма “Галасы жніва” ад ансамбля песні “Фярцінка” філіяла 2 Багатырскага СДК падаравала прысутным добры настрой на далейшую працу і камбайны адправіліся ў поле.



воскресенье, 26 июля 2020 г.

Народнае свята "Кузьмінкі" - 2020 у Полацкім раёне


У нядзелю ў аграгарадку Зялёнка Полацкага раёна было горача, ды не толькі ад спякотнага надвор’я, бо тут яскрава і з размахам адзначылі летняе свята пачатку сенакосу “Кузьмінкі”.
Ужо другі год напрыканцы ліпеня аматары народных гулянняў збіраюцца ў гэтым куточку Полаччыны, каб ушанаваць святых Кузьму і Дзям’яна ды зладзіць свята па тутэйшых традыцыях. Сёлета паспаборнічаць ў незвычайных іспытах сабралася 11 каманд: з Ветрына, Гаран, Захарніч, Завозер’я, Блізніцы, вёсак Азіна, Багатырская, Булаўкі і Чарняя, гасцей падтрымалі мясцовыя каманды КУСГП “Зялёнка” і ДУА “Зялёнкаўская ДС-БШ”.

Распачалася кузьмінкаўская дзея з падняцця святочнага сцяга, традыцыйнага гімна ў выкананні заўзятараў свята ансамбля песні “Фярцінка” Багатырскага СДК, а таксама тэатралізаванай імпрэзы пра вясковае жыццё ад народнага тэатра мініяцюр “Веснік” (рэжысёр Кудзеля Л.М.) 


Як кожная раніца ў вёсцы не абыходзіцца без крыку пеўня, так і “Кузьмінкаўскія ігрышчы” былі гучна абвешчаны гэтым сімвалам свята. Ды не адным! Дарэчы кажучы, каб адкрыць спаборніцтвы ў Зялёнцы спатрэбіліся ажно чатыры пеўня, якія выканаўшы сваю ганаровую справу, патарапіліся хутчэй скрыцца з шумнай пляцоўкі.


Ну, а далей загадчык Зялёнкаўскага сельскага Дома культуры Алена Фурс і загадчык аддзелам народнай творчасці Полацкага раённага Цэнтра культуры Аляксей Зуеў прапанавалі для ўдзельнікаў шмат цікавых выпрабаванняў.




Каб улагодзіць Кузьму і Дзям’яна госці прыехалі не з пустымі рукамі, а прывезлі пачастункі: хто салодкае варэнне новага ўраджаю, хто мяшочак збожжа, а вось самая шчодрая гаспадыня Бахір Алеся з Булавак здзівіла пышным караваем. Задорны “Танцавальны паядынак” вымусіў і ўдзельнікаў, і гледачоў пусціцца ў скокі. Лепшай у гэтым конкурсе стала ўдзельніца каманды КУСГП “Зялёнка” Чарняўская Раіса.


А вось Галіна Бахір з Булавак пакарыла журы танцавальнай імправізацыяй. Гледачы разам адгадвалі “жывыя” прыказкі і прымаўкі ад удзельнікаў тэатра “Веснік”, а вялізны “Мудрамер” адлюстроўваў узровень народных ведаў. Самай “мудрай” аказалася каманда з аграгарадка Блізніца.



Пакуль гледачы частаваліся наварыстай кузьмінкаўскай кашай, каманды спрачаліся на спрыт у забаўных эстафетах “Маркоўнае спаборніцтва”, “Барацьба за памідоры” і “Супраць пустазелля”. У выніку самымі спрытнымі сталі азінцы. А ў “Маркоўным спаборніцтве” перамаглі дзяўчаты, якія прадстаўлялі мясцовую ўстанову адукацыі. З гумарам па жыцці, як высветлілі іспыты, заўсёды крочыць каманда з Ветрына. Самымі дружнымі ў святочных спаборніцтвах былі завозерцы. А вось пра тое, што “Агарод – бабін даход” аказваецца лепш за ўсіх ведаюць жыхары вёскі Багатырская. Як самую прыгожую каманду журы адзначыла прадстаўнікоў з вёскі Чарняя.


Падчас зялёнкаўскіх Кузьмінак кожная каманда аказаласяся на кані і была варта яго асядлаць, бо ўсе ўдзельнікі не засталіся без дыпломаў, якія атрымалі з рук старшыні Зялёнкаўскага сельвыканкама Нядоўбы Віктара Мікалаевіча. Першынство ж у гэтым годзе падзялілі адразу дзве каманды: з Гаран і вёскі Булаўкі.


Арганізатары мерапрыемства аддзел культуры Полацкага райвыканкама, ДУК “Полацкі раённы Цэнтр культуры” і філіял 9 Зялёнкаўскі сельскі Дом культуры выражаюць глыбокую падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы свята “Кузьмінкі” КУСГП “Зялёнка” і асабіста дырэктару Семчанка Марыне Вячаславаўне, Зялёнкаўскаму лясніцтву і асабіста яго ляснічаму Драздову Івану Іванавічу, ДУА “Зялёнкаўская ДС-БШ Полацкага раёна” і асабіста дырэктару Сінкевіч Ірэне Генрыхаўне.





суббота, 18 июля 2020 г.

Таленты Полаччыны на "Славянскім базары ў Віцебску"




Творчыя калектывы Полаччыны прынялі ўдзел у XXIX Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" - 2020.

17 ліпеня на плошчы Свабоды Полацкі раённы цэнтр культуры падрыхтаваў канцэртную праграму "Таленты Полаччыны - фестывалю" ў рамках прэзентацыі тэматычных брэндавых пляцовак гарадоў і раёнаў Віцебскай вобласці, у якой прынялі ўдзел:

🎶 народны ансамбль народнай песні «Заманіха»




🎤 народная студыя эстраднага майстэрства «Тандэм»





🎶 народная эстрадная студыя «X-Day» ДУК "Полацкі раённы Цэнтр культуры"



🎤народны ансамбль песні "Млын" філіяла 3 Ветрынскага г.п.ДК





🎶 узорны харэаграфічны ансамбль «Іскаркі» ДУК «Цэнтр культуры «Полацк»



🎤ансамбль песні «Фярцінка» філіяла 2 Багатырскага СДК









17 ліпеня з ранку да самага вечара на плошчы Свабоды ў Віцебску Полацкі раённы цэнтр культуры разгарнуў маштабную прэзентацыйную пляцоўку "Полацк старажытны", якая прымала ўдзел у штогадовым абласным конкурсе тэматычных брэндавых пляцовак гарадоў і раёнаў вобласці ў рамках XXIX Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" - 2020. Полацкі князь разам з княжной і ўсёй світай сардэчна сустракалі гасцей віцебскага фестывалю, сярод якіх былі і важныя персоны. 










#полоцкийрайон #славянскийбазар2020 #фестиваль #Полацкстаражытны #ПолоцкийРЦК




18 ліпеня тры маладзёжныя пары народнага фальклорнага ансамбля «Галасы спадчыны» філіяла 2 Багатырскага СДК прымалі удзел у VII адкрытым турніры нацыянальных танцаў у рамках XXIX Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Павел Круглікаў, Анастасія Крывашапава, Аляксей Жаландзеўскі, Ірына Жванская, Максім Мялешка і Крысціна Лось спаборнічалі з аматарамі побытавых беларускіх танцаў з розных куткоў Віцебскай вобласці. Усе удзельнікі турніру атрымалі дыпломы, а Аляксею Жаландзеўскаму і Ірыне Жванскай пашчасціла дайсці да фіналу.