четверг, 31 октября 2024 г.

Этнафэст "Палітра Полаччыны"

Этнафэст народнай творчасці і кулінарных традыцый «Палітра Полаччыны» адбыўся ў Полацкім раённым Цэнтры культуры, як выніковае мерапрыемства цыкла тэматычных турыстычна-пазнавальных праграм “Культура і звычаі роднага краю”. Падчас правядзення этнафэсту Цэнтр культуры пераўтварыўся ў інтэрактыўную пляцоўку па абмену вопытам, з магчымасцю абмеркаваць лепшыя практыкі па захаванню нематэрыяльна-культурнай спадчыны рэгіёна і распаўсюджванню турыстычнага прадукта клубнымі ўстановамі раёна.


Перад пачаткам на другім паверсе разгарнуліся майстар-класы ад кіраўніка народнага клуба майстроў народных мастацкіх рамёстваў «Майстар» ДУК «Полацкі раённы Цэнтр рамёстваў і нацыянальных культур» Іны Карандзей і члена клуба Таццяны Красікавай. Актыўныя гледачы з задавальненнем прымалі ўдзел у развучванні рухаў побытавых танцаў ад удзельнікаў народных фальклорных ансамбляў “Блізнянка” філіяла “Сільніцкі СДК” і “Галасы спадчыны” філіяла “Багатырскі СДК”.

Найбольшую цікавасць у гасцей выклікаў конкурс-прэзентацыя старадаўніх страў Полацкага рэгіёну “З глыбінь вякоў – на сучасны стол”, у якім прадставілі кулінарныя прысмакі гаспадыні з розных куточкаў Полаччыны: вёсак Азіна, Багатырская і Фарынава, аграгарадкоў Астроўшчына, Гараны, Блізніца, Палата, Захарнічы, Завозер’е і інш. Большасць рэцэптаў удзельніцы перанялі ад сваіх матуль, бабуль і прабабуль, якія са звычайных інгрыдыентаў стваралі смачныя, а галоўнае, сытныя стравы для ўсіх членаў сям’і.

Журы і госці змаглі пачаставацца кулінарнымі і кандзіцерскімі вырабамі, напоямі, прыгатаванымі па старадаўніх рэцэптах і адаптаваных да сучасных умоў, стравамі з капусты, яблык, рыбы і, канешне ж, бульбы – усім, што так любілі нашы продкі, і што засталося актуальным і ў наш час. Кожная страва мела арыгінальную прэзентацыю.

Гран-пры конкурсу адправілася ў аграгарадок Блізніца, гаспадыні з гэтага краю лепш за ўсіх ведаюць, што прыгатаваць з восеньскага ўраджаю яблык. Стол Вольгі Чобат, Таццяны Куксёнак, Святланы Перагудавай, Людмілы Кірковай, Ніны Хламёнак, Наталлі Прашковіч, Марыны Багушонак і Веры Аўласенка ламіўся ад найсмачнейшых страў: яблыкаў печаных з мёдам, дранікаў і бліноў з яблыкамі, яблычных кіселя і кампота. А здзівіў ўсіх карась з яблыкамі ў смятане. Самы массавы і рознаўзроставы гурт з в. Багатырская заняў першае месца. Багатырцы частавалі гасцей квасам з аксамітак і раўгеняй, знакамітымі цыбрыкамі, “Бульбянымі гармонікамі” ды яечняй з цікавай назвай “У калена”.

Другое месца заняў знатны рыбны стол ад гаспадароў з Ветрына, а трэцяе разнасолы з аг. Палата. Але і астатнія ўдзельнікі не засталіся без узнагарод.

Музычным упрыгожваннем этнафэсту сталі народны гурт архаічных спеваў “Княжыч” Цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУК ”Цэнтр культуры г. Наваполацка“, народны ансамбль песні “Фярцінка” філіяла “Багатырскі СДК”.

Кожны змог атрымаць ад этнафэсту сваё: хтосьці набыў цікавы кулінарны рэцэпт і пакаштаваў смачную страву, як у бабулі ў дзяцінстве, хтосьці паспрабаваў сябе ў народных танцах і творчых майстар-класах, а іншыя проста нясумна правялі суботні дзень. Арганізатары – аддзел культуры Полацкага райвыканкама і Полацкі раённы Цэнтр культуры выражаюць усім удзельнікам мерапрыемства шчырую падзяку за захаванне беларускіх традыцый і беражлівае стаўленне да полацкай спадчыны.