пятница, 28 января 2022 г.

У Полацкім РЦК падвялі вынікі "Каляднага разгуляю" - 2022

 


Ёсць у пачатку кожнага года цудоўныя дні ад Раства да Хрышчэння – святкі. Гэта час песень, перапрананняў, розыгрышаў, калядавання. ДУК “Полацкі раённы Цэнтр культуры” падтрымлівае традыцыі продкаў і кожны студзень ладзіць фольк-арт-уікенд “Калядны разгуляй” – традыцыйнае мерапрыемства праекта "З народнай скарбонкі Полаччыны”.

У розных куточках раёна "ад зоркі – да вады", як казалі нашы бабулі, праходзілі калядныя гулянні, арганізаваныя культработнікамі клубных устаноў раёна. Каляда кацілася ад хаты да хаты, ад падворка да падворка і далучала да народных традыцый жыхароў нашага рэгіёну. У 2022 годзе у рамках “Каляднага разгуляю” былі праведзены два раённыя конкурсы: “Гуляй на Калядкі без аглядкі” – выбіралі лепшых сярод калядных калектываў па відэазапісах і “Калядная палітра” – вылучалі лепшы вобраз каляднага персанажа па відэа і фота.

У “Калядным разгуляі” – 2022 прынялі ўдзел 12 гуртоў з Азіна, Астроўшчыны, Завозер’я, Ветрына, Рудні і іншых вёсачак і аграгарадкоў Полаччыны. Справаздачы ўсіх удзельнікаў можна ўбачыць у суполцы “Колядный разгуляй в Полоцком районе” соцсеткі “Вконтакте”. Аргкамітэту конкурсаў прыйшлося нялёгка, але мы ўжо можам падзяліцца вынікамі!

Першае месца, як лепшыя калядныя калектывы, падзялілі калядоўшчыкі з вёскі Багатырская і аг. Блізніца. Першыя могуць пахваліцца самым шматлікім, шумным і вопытным гуртом, у якім прынялі ўдзел і дзеці, і дарослыя. Вёска Багатырская з’яўляецца маленькай радзімай “Каляднага разгуляю”, 4 гады яна гасцінна прымала калядоўшчыкаў з усёй Полаччыны. І цяпер жыхары з нецярпеннем кожны студзень чакаюць надыхода свята і яркіх калядоўшчыкоў ля сваіх хат, якія ў сваю чаргу кожны раз пашыраюць свой рэпертуар, прыдумваюць новыя касцюмы і абыходзяць новыя двары.


Гурт-пераможца з Блізніцы таксама парадаваў месцічаў новай праграмай і новымі персанажамі, а яшчэ паспеў трапіць у эфір тэлебачання! Здымачная група тэлеканал Беларусь 1 прыехала ў Блізніцу спецыяльна на Каляды і стала непасрэдным удзельнікам мерапрыемстваў.



Сярод пераможцаў конкурсу “Гуляй на Калядкі без аглядкі” адзначаны гурт з аграгарадка Зялёнка. Лепшы калядны вобраз – каларытная каза з аг. Кушлікі. Самы яркі калядны калектыў віншаваў аднавяскоўцаў у Мацюшах. А самы масавы дзіцячы гурт прайшоўся па аграгарадку Гомель.

Полацкі раённы Цэнтр культуры шчыра дзякуе ўсім удзельнікам. Калі вы не знайшлі сябе сярод пераможцаў – не сумуйце, у вас ёсць час лепш падрыхтавацца да наступнага свята, чакаем вас на “Калядным разгуляі” ў наступным годзе!

среда, 5 января 2022 г.

"Жаніцьба Цярэшкі" адбылася ў Блізніцы

 
5 студзеня 2022 г. ва ўтульным этнакутку філіяла "Сільніцкі СДК" пабывалі вучні ДУА "Вароніцкая дзіцячы сад-сярэдняя школа Полацкага раёна", дзеля якіх была арганізавана беларуская народная абрадавая гульня "Жаніцьба Цярэшкі". 

Мерапрыемства было падрыхтавана ўдзельнікамі дзіцячага фальклорнага калектыву "Зярняты" і фальклорнага ансамбля "Блізнянка", кіраўніком якіх з'яўляецца Чобат Вольга Стаінстлаваўна. Госці змаглі дакрануцца да мясцовых народных традыцый, а таксама паўдзельнічаць у народных гульнях "Падушачка", "Лавачка", "Ручаёк", "Пацалунак у паветры", "Дудар".