У 2019 годзе
праект “Цікавае падарожжа Надзейкі” Полацкага раённага Цэнтра культуры
праходзіць пад дэвізам “Малая радзіма пачынаецца з сям’і” і наведвае дружныя
сем’і, якія захоўваюць сваю спадчыну і з’яўляюцца сапраўдным узорам, на які
трэба раўняцца.
Пачатак
вясны – новая “цікавая” вандроўка. Наступны яе пункт– аграгарадок Новыя Гараны,
дзе жыве працавітая сям’я Мурашка.
Муж Леанід і
жонка Аксана перабраліся сюды ў 2003 годзе. Яна родам з Лепельскга раёна, ён –
з Глыбоцкага. Вучыліся разам ў адной групе Лужаснянскага сельскагаспадарчага тэхнікума на спецыяльнасць "Ветэрынарны фельчар". Аксана – вельмі парывістая
натура, чалавек лёгкі на ўздым, з дзяцінства цікавілася рознымі відамі лёгкай
атлетыцы, музыкай, танцамі, спевамі, заўсёды імкнулася паспрабаваць штосьці
новае. Прафесію абрала выпадкова. Бацькі яе таксама працавалі ў сельскай
гаспадарцы і дома трымалі кароў, свіней, кролікаў. Але Аксана ніколі і не
думала, што ўсё жыццё будзе дапамагаць жывёлам. А вось яе муж Леанід свой шлях
абраў свядома. Ён больш памяркоўны і сур’ёзны. Яго бацька і дзядзька таксама
ветурачы. З маленства ён дапамагаў ім на працы і марыў пайсці па бацькоўскіх
стапах.
Вось ужо 16
год муж і жонка Мурашка разам працуюць у гаспадарцы ААТ “Новыя Гараны”. Ён –
галоўны ветурач, а яна – ветурач і тэхнік па штучным асемяненні. Яны адказваюць
за здароўе ўсяго пагалоўя буйной рагатай жывёлы, якое налічвае больш за дзве
тысячы галоў. Леанід і Аксана адданы сваёй справе і робяць яе з душой. Аб чым
сведчаць шматлікія працоўныя дасягненні, ганаровыя граматы і падзякі ад
кіраўніцтва гаспадаркі, раёна і вобласці.
Калі на
працоўным месцы Аксана цалкам падпарадкоўваецца свайму мужу, то дома яна цвёрдай
рукой ахоўвае сямейны ачаг, усяляк наладжвае побыт і аб’ядноўвае вакол сябе
ўсіх родных і блізкіх. Увогуле, няма той справы, якую яна не магла б зрабіць
самастойна. Яе так выхоўвалі бацькі: няма жаночай і мужчынскай працы. Калі муж
аднойчы падараваў ёй зруб для лазні, то Аксана на дапамогу сабрала ўсіх
родзічаў і нават суседзяў, але вялікую частку па добраўпарадкаванні зрабіла ўласнымі
намаганнямі.
Вось ўжо 20
год муж і жонка Мурашка ідуць па жыцці поруч. Старэйшай дачцэ Каце ўжо 18 год,
яна вучыцца ў Мінску на эканаміста, а меншы сын Аляксандр заканчвае 5 клас. Узаемадапамога
і павага – галоўны іх сямейны прынцып.
Праект “Цікавае
падарожжа Надзейкі” стаў яшчэ адной нагодай, каб сабраць разам вялікую сям’ю.
На сустрэчу Леанід запрасіў прыехаць сваю маці Ірыну Іванаўну, дачцэ Кацярыне
ўдалося вырвацца з вучобы, Аксана паклікала свайго брата Аляксандра і сястру
Марыну. Вельмі цікавыя аказаліся людзі, кожны з іх варты асобнага аповяду. Дарэчы
кажучы, сястра Аксаны – Каралевіч Марына Уладзіміраўна таксама паспяхова працуе
ў сельскай гаспадарцы – заатэхнікам-селекцыянерам у Полацкім філіяле “Вясна-энерга”,
выхоўвае дачку і сына. Аксана вельмі рада таму факту, што яе малодшы брат
Аляксандр жыве побач. Ён працуе ў гаспадарцы ААТ “Новыя Гараны” вадзіцелем ужо
12 год. Пра яго заслугі ў час уборачных кампаній не аднойчы пісалі газеты, а
сямейны архіў захоўвае безліч узнагарод за працоўныя дасягненні. Ён добры сем’янін,
а яшчэ – майстар на ўсе рукі і выдатны кулінар. Па неабходнасці Аксана заўсёды
можа атрымаць у яго добрую параду і дапамогу ў мужчынскай справе, а вось
Аляксандр у сваю чаргу раіцца з сястрой, які крэм лепш зрабіць для чарговага найсмачнейшага
торта. Усе яны вельмі занятыя людзі. Аксане, напрыклад, прыходзіцца ўставаць на
працу ў чатыры гадзіны раніцы. Але яны
стараюцца знайсці хвілінку, каб убачыцца. І сямейныя сустрэчы становяцца
незабыўнымі. Выдатнае пачуцце гумару аб’ядноўвае сям’ю. “Калі мы збіраемся
разам, нават сцены трасуцца ад нашага рогату”, – усміхаецца Аксана.
У вольны час
муж і жонка любяць рыбаліць са спінінгам. “Нядаўна Аксана вось такога шчупака
на 9 кіло 600 грамаў спаймала”, – разводзіць рукі ў бакі і з вялікім гонарам успамінае
Леанід. А яшчэ Аксана з’яўляецца актыўнай удзельніцай мясцовай самадзейнасці.
Якія ролі ёй толькі не прыйшлося выконваць: і Снягурка, і Баба Яга, і Ліса
Аліса – любы яе вобраз мясцовыя гледачы ўспрымаюць на ўра.
Мурашка Аксана - адна з вядучых раённага мерапрыемства "Агледзены нявест" у аг. Гараны (2017г.) |
І гатуе
гаспадыня так, што пальчыкі абліжаш. Любяць у іх сям’і і старыя рэцэпты, якія
ад бабуль засталіся, і новыя з Інтэрнэту. Асабліва смачна ў Аксаны атрымоўваюцца
цэпеліны. Да і дачка Каця ад матулі не адстае: калі выпадае магчымасць,
здзіўляе бацькоў ўласнапрыгатаванымі прысмакамі. Паколькі чарговае “Цікавае
падарожжа” выпала на народнае свята Саракі, сям’я Мурашка сустракала гасцей сямейным
печывам “Вясновыя жаваронкі”. Для іх прыгатавання патрэбны: мука, алей, цукар,
соль, дрожджы, вада і рызынкі для ўпрыгожвання. А галоўнае – цяпло працавітых
рук і каханне. Чаго ў гэтай сям’і ў дастатку. Падобных жаваронкаў выпякалі
яшчэ нашыя продкі на гуканне вясны.
Каб прывабіць
вясновае сонейка, якое ў гэтым годзе неяк не спяшаецца нас саграваць, малодшы
сын Саша разам з хлапчукамі і дзяўчаткамі з дзіцячага тэатру мініяцюр
Навагаранскага СДК (кіраўнік Карзюк Г. У.) запрасілі каманду “Цікавага
падарожжа” на абрад “Саракі”. А печыва спатрэбілася, каб сяброў пачаставаць і
вясну залагодзіць.
Аляксандр Мурашка разам з сябрамі гукае вясну |
Можа пасля займальнага
абраду, а можа у час шчырай бяседы з дружнай навагаранскай сям’ёй, сонца адразу
засіяла ярчэй. Важна, калі людзі памятаюць свае карані, заветы продкаў і любяць
свой родны куточак. Сям’я Мурашка – добры гэтаму прыклад. Працавітасць і
неабыякавасць – тое што яны перадаюць з пакалення ў пакаленне. Полаччына стала для
іх другой малой радзімай. Тут, у Новых Гаранах, яны набылі ўтульную хату, рэалізавалі
сябе ў любімай прафесіі, вырасцілі дзяцей, завялі добрых сяброў і суседзяў, а
галоўнае, захавалі моцныя роднасныя сувязі.